Алена Лапцёнак: Кніга Аліневіча «Еду ў Магадан» паклала пачатак беларускай турэмнай літаратуры
Нядаўна кніга палітвязня Ігара Аліневіча «Еду ў Магадан» з´явілася ў перакладзе на ўкраінскую мову. Наогул твор перакладзены на 8 замежных моў. Па ім чэшскім тэатрам створана п´еса. Гэта першая кніга, якая была намінавана літаратурнай прэміяй імя Францішка Аляхновіча ў 2013 годзе, калі яе аўтар сядзеў за кратамі.
Ігар Аліневіч і зараз за кратамі, пасаджаны рэжымам на 20 гадоў. Наша журналістка паразмаўляла з рэдактаркай першай кніжкі – Аленай Лапцёнак.
РР: Сёлета абвесцілі шэсць пераможцаў і восем лаўрэатаў літаратурнай прэміі імя Францішка Аляхновіча. Але хочацца ўспомніць першага лаўрэата гэтай прэміі, заснаванай Беларускім Пэн-цэнтрам сумесна з Радыя Свабода ў снежні 2013 года. Найлепшы твор напісаны ў зняволенні. І такім першым аўтарам стаў палітзняволены Ігар Аліневіч з яго кнігай «Еду ў Магадан». Вы Спадарыня Алена, рэдактар гэтай кнігі, што можаце сказаць пра гэты твор?
– Я магу сказаць, што яго варта прачытаць. Па-першае таму, што гэта дакументальны твор, сапраўды напісаны ў зняволенні, калі чалавек заходзіўся ў турме КДБ, якая называецца Амерыканкай. І на той момант здолеў перадаць гэты твор на волю. Часткамі гэтая кніжка спачатку друкавалася ў перакладзе на беларускую мову ў газеце «Новы час». І фактычна гэты твор паслужыў, можна так сказаць, пачаткам гэтай выдавецкай сферы беларускай турэмнай літаратуры, таму што на той момант не толькі Ігар знаходзіўся ў зняволенні, не толькі ён пачынаў пісаць свае творы. І вось менавіта з кнігі Ігара Аліневіча «Еду ў Магадан» паўстала «Турэмная серыя». Напісана вельмі шчыра, цікава і на мой погляд, нягледзячы на тое, што сама па сабе кніжачка дастаткова невялікая, але яна паказвае тую моц характару самога Ігара, ягоную перакананасць у тых ідэях, якім ён застаўся верны да гэтага часу. Таму сапраўды, цікавасць да гэтага твора я лічу будзе заўсёды.
РР: Падчас рэдагавання кнігі Вы кантактавалі з аўтарам?
– Наўпроставага кантакту з Ігарам я не мела, ну, дакладней, скажам так, перапісвалася мэйлам, але Ігар пасля выхаду з турмы, з’ехаў з Беларусі, і асабіста з Ігарам я незнаёмая, я знаёмая толькі з ягонымі бацькамі. Таму, па вялікім рахунку, праца над беларускім выданнем заключалася ў тым, каб я дадала да кнігі іншыя артыкулы аўтара, хацелася дапоўніць большымі звесткамі: там ёсць інтэрвʼю з ягонай маці, крышку пра гісторыю самой гэтай крымінальнай справы супраць анархістаў, якая была ўзбуджана. І асаблівых цяжкасцяў гэта не складала.
Цалкам размову слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя