Вадзім Мажэйка: КДБ хоча паказаць большую ролю ў гэтым мерапрыемстве



Выпадак са з’яўленнем на сустрэчы „Бяспечная Беларусь. Формы і метады абароны грамадства” праз Zoom прадстаўніка КДБ шматлікія беларускія СМІ падаюць як нейкі шпіёнскі выпадак.

Беларускі палітолаг Вадзім Мажэйка каментуе гэтую сітуацыю наступным чынам:

– КДБ зацікаўлена прадставіць сваю ролю значна большай, чым яна ёсць. Прадставіць быццам бы агенты КДБ пралезлі на нейкае сакрэтнае мерапрыемства апазіцыі. Насамрэч выглядае, што адзін карысны дурань у Варшаве сам арганізаваў адкрытае мерапрыемства, на якое прыйшлі выпадковыя людзі і КДБшнік з імі паразмаўляў. Як слушна напісаў спадар Лабко з моладзевага хабу, дзе падзея адбывалася, што калі б гэты КДБшнік ці Ігар Тур з АНТ, калі б яны хацелі прыйсці на гэтае мерапрыемства ў Варшаве самі, то ніхто ім не перашкаджае, мерапрыемства было адкрытае.

Палітолаг упэўнены, што КДБ будзе далей разгортваць гэты канфлікт:

– Праблемы не было, хутчэй адбыўся такі скандал, які само КДБ зацікаўлена падаграваць. Здаецца ў дадзеным выпадку варта весці гаворку ў першую чаргу нават не пра пагрозу бяспекі, бо значнай пагрозы і не адбылося, а хутчэй пра пагрозу ад людзей, чые амбіцыі не адпавядаюць іхным кампетэнцыям.

Па словах Вадзіма Мажэйкі беларускім актывістам не трэба паўсюль шукаць агентаў, бо „шкоды ад такога пошуку агентаў  – больш, чым карысці” і няма ніякіх інструментаў усё гэта праверыць.

Беларускае Радыё Рацыя