«БелДжы» прадаў амаль 60 тысяч машын



Завод „БелДжы” сёлета ўжо вырабіў і прадаў каля 60 тыс. аўтамабіляў. Пра гэта ў Нацыянальным сходзе расказаў віцэ-прэм’ер Пётр Пархомчык.

На здымку: завод «БелДжы».

«Калі ў мінулым годзе заводам было зроблена 25 тыс. аўтамабіляў, то ў гэтым годзе выраблена 60199 аўтамабіляў, гэта значыць ужо выканана гадавое заданне (60 тыс.). Прадалі 59 982 аўтамабілі, з іх практычна 80% у Расейскую Федэрацыю», – цытуе яго БелТА.

Нагадаем, пры будаўніцтве называлася магутнасць завода ў 60 тыс. машын у год, аднак меркавалася, што вытворчасць можа быць пашырана да 120 тыс. аўтамабіляў. Пархомчык заявіў, што сітуацыя на рынку стварае перадумовы для павелічэння аб’ёму вытворчасці да 120 тыс. машын за год пры двухзменным рэжыме працы.

З найбольш значных новых распрацовак 2023 года віцэ-прэм’ер адзначыў асваенне БелАЗам 220-тоннага кар’ернага самазвала з айчынных і расейскіх камплектуючых.

Таксама Пётр Пархомчык паведаміў, што „ў гэтым годзе працягваем праект па будаўніцтве новай аўтобуснай вытворчасці на МАЗе. Цяпер завяршылі работы па падрыхтоўцы пляцоўкі для будаўніцтва новай вытворчасці, вядуцца работы па ўзвядзенні новага вытворчага корпуса.”