25-га лістапада ў Гданьску абвесцяць лаўрэатаў Прэміі імя Ежы Гедройця
25-га лістапада ў Гданьску адбудзецца цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў Прэміі імя Ежы Гедройця. Галоўны прыз – грашовая прэмія ад польскага боку арганізатараў.
Падчас адмысловай прэс-канферэнцыі пра варункі арганізацыі сёлетняй Прэміі распавяла старшыня Беларускага ПЭНу Таццяна Нядбай:
-Калі казаць пра спецыфіку гэтага года, то нягледзячы на тое, што кніг было не вельмі шмат, для нас не стаяла пытанне арганізоўваць ці не прэмію. У гэтых умовах тыя, хто выдае кнігі, яны яшчэ больш могуць быць ацэненыя, прааналізавана і вылучана найлепшае з таго, што выдаецца. Але, на жаль, па фармальных прыкметах мы таксама вымушаныя былі адкінуць дзве намінаваныя кнігі.
Пра сёлетнія ўзнагароды для лаўрэатаў 2-га і 3 месца Прэміі распавёў прадстаўнік суарганізатара, Міжнароднага саюзу беларускіх пісьменнікаў Ціхан Чарнякевіч:
-Як суарганізатары за другое месца прапаноўваем творчую стыпендыю на выспе Готланд у Швецыі ў балтыйскім Доме творчасці. І трэцяе месца, той хто будзе прызёрам, атрымае магчымасць выдаць кнігу. То бок, мы забяспечваем выданне кнігі трэцяму месцу. Прэмія Гедройця мусіць жыць, дзе б яна не знаходзілася.
Уручэнне беларускай літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця – кульмінацыйны момант літаратурнага года – распачнецца а 19-й 25 лістапада ў Гданьску ў славутым Двары Артуса (Dwór Artusa, Długi Targ 43-44). Узнагарода адзначае найлепшыя дасягненні ў галіне беларускай літаратуры і сёлета будзе ўручацца ўжо дванаццаты раз.
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя