Улады хочуць узяць пад кантроль іншаземцаў і тых, хто здае ім жытло



Палата прадстаўнікоў 22-га лістапада ў першым чытанні прыняла праект змяненняў у закон «Аб прававым становішчы замежных грамадзян і асобаў без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь» і Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, паведаміла прэс-служба ведамства.

Зараз юрыдычныя і фізічныя асобы, у тым ліку індывідуальныя прадпрымальнікі, будуць абавязаны інфармаваць органы ўнутраных спраў аб здачы памяшканняў для пражывання іншаземцам, якія часова знаходзяцца ў Беларусі.

За неінфармаванне органаў унутраных спраў, паводле зменаў у закон, прадугледжана адміністрацыйная адказнасць.

„Прыняцце праекта Закона і рэалізацыя яго палажэнняў дадуць магчымасць адаптаваць нормы Закона і КаАП да сучасных рэалій, падвысіць ровень інфармавання дзяржаўных органаў і забяспечыць своечасовасць паступлення звестак аб суб’ектах, якія прадастаўляюць для пражывання іншаземцам жылыя памяшканні, а таксама аб саміх іншаземцах, якія часова знаходзяцца ў Рэспубліцы Беларусь, у тым ліку тых, якія не падлягаюць у адпаведнасці з заканадаўствам рэгістрацыі на тэрыторыі нашай краіны, – гаворыцца ў паведамленні прэс-службы ведамства.

Беларускае Радыё Рацыя