Хакеісты менскага „Дынама” выйгралі ў гасцях у „Аўтамабіліста”



Хакеісты менскага „Дынама” ўдала завяршылі чарговую выязную серыю ў рэгулярным чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі. У другім і апошнім матчы гасцявога турнэ падначаленыя Дзмітрыя Квартальнага сустракаліся з „Аўтамабілістам” у Екацярынбурзе. Стартавая траціна скончылася на карысць „зуброў”: на 17-й хвіліне наперад нашу каманду вывеў Ягор Борыкаў, а за некалькі секунд да сыходу ў раздзявалкі Нік Мёрклі падвоіў перавагу мінчан. У пачатку наступнага перыяду гаспадары, здавалася, змаглі скараціць адставанне, але з-за перашкоды брамніку шайба была адменена. Следам госці вызначыліся трэці раз намаганнямі Рамана Гарбунова – 3:0.

Свой гол у дадзеным адрэзку гульцы „Аўтамабіліста” ўсё ж такі правялі, зрабіўшы гэта незадоўга да другога перапынку. Праўда, гэты дакладны кідок так і застаўся для екацярынбуржцаў апошнім, а ў заключнай 20-хвілінцы перавагу менчанам у тры шайбы вярнуў Данііл Сацішвілі – 4:1. Гэтая перамога стала для менскага „Дынама” першай пасля серыі з чатырох парзаў. Дзякуючы гэтаму наша каманда апярэдзіла „Северсталь” у табліцы Заходняй канферэнцыі, „зубры” сёмыя з 34 баламі ў актыве. Далей іх чакае кароткая хатняя серыя, дзе зубры згуляюць з дзеючым уладальнікам Кубка Гагарына ЦСКА 24 лістапада і з маскоўскім „Дынама” 26 лістапада.

„Нёман” абыграў „Ліду” ў матчы экстралігі з лікам 4:3

Матч рэгулярнага чэмпіянату беларускай хакейнай экстралігі ў Гародні паміж камандамі „Нёман” і „Ліда” завяршыўся на карысць гарадзенскай каманды з лікам 4:3. «Нёман» адыграўся і выйшаў наперад з 0:2, але «Ліда» дамаглася права на авертайм, дзе перамогу ў „заходнім дэрбі” дзякуючы шайбе Германа Паддубнага вырвалі гарадзенцы – 4:3. Другі раз за тры дні счапіліся лепшыя каманды бягучага сезона – „Шахцёр” і „Віцебск”. 20 лістапада мацнейшымі ў гасцях былі „гарнякі” 3:1, а напярэдадні гаспадары лёду ўзялі рэванш. За „мядзведзяў” закідвалі Ахмед Гімбатаў і Ягор Сцяпанаў, а галкіпер паўночнікаў Максім Малюцін захаваў брамку на замку. У выніку 2:0, „Віцебск” зноў зраўняўся з Шахцёрам па набраных ачках, салігарчане ж зведалі першую паразу з 15 кастрычніка: за пяць тыдняў „гарнякі” выйгралі 10 матчаў запар. Два дні таму сустрэча „Гомеля” і „Металурга” скончылася з лікам 2:1 на карысць „рысяў”, напярэдадні на табло былі зафіксаваны тыя ж лічбы, але перамогу святкавалі ўжо „сталёвыя ваўкі”. Пераможную шайбу за жлабінчан правёў Айрат Вільданаў.

Баскетбалісты „Менска” прайгралі „Аўтадару” ў Адзінай лізе ЗГБ

Баскетбалісты „Менска” не здолелі здабыць першую перамогу ў новым сезоне Адзінай лігі ВТБ. Каманда Расціслава Вергуна на паркеце „Менск-Арэны” прайграла саратаўскаму „Аўтадору” 76:91. У першай палове сустрэчы перавага мінчан некалькі разоў даходзіла да 10 ачкоў, але да вялікага перапынку госці скарацілі разрыў да мінімуму. Пасля трэцяй чвэрці лік быў роўным – 66:66, а ў канцоўцы „Аўтадор” згуляў значна мацней, перамогшы з перавагай 15 балаў. Самым выніковым у складзе гаспадароў стаў Рыгор Матавілаў, які набраў 29 ачкоў. Для менчан гэта 12-я параза запар, саратаўскі клуб выйграў чацвёрты з тузіна матчаў. Свой наступны паядынак „Менск” правядзе 26 лістапада на сваёй пляцоўцы супраць віцэ-чэмпіёна „банкаўскага” турніру краснадарскага клуба „Лакаматыў-Кубань”, за які выступае былы гулец менскай дружыны Уладзіслаў Блізнюк.

Зборная Беларусі прыме ўдзел у турніры з Расеяй, Іранам і Марока

У студзені ў Маскве адбудзецца турнір па гандболе ў якім прымуць удзел зборныя Беларусі і Расіі. Таксама папярэднюю згоду на ўдзел далі гандбольныя Федэрацыі Марока і Ірану.

– Ёсць дамоўленасць аб правядзенні турніру чатырох каманд – Расеі, Беларусі, Ірану і Марока. З боку Марока і Ірану пацверджання атрымалі і ў сённяшняй сітуацыі спадзяемся, што ніякіх катаклізмаў не адбудзецца. Матчы пройдуць на валейбольнай арэне «Дынама», – пракаментаваў дырэктар Федэрацыі гандбола Расіі Леў Варонін.

Беларускае Радыё Рацыя