Агляд прэсы: Працяг барацьбы



Літва назвала 2 тысячы пагроз у анкетах для расейцаў і беларусаў. Дзесяцігоддзе Еўрамайдана. Выбары ў Нідэрландах: наперадзе правыя папулісты? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

„Улады Літвы выявілі больш за 2 тысячы выпадкаў пагрозы за першы год з моманту ўвядзення спецыяльнай анкеты для грамадзян Расеі і Беларусі”, – перадае літоўскае выданне Delfi.lt.

„З канца лістапада 2022 года ўсе грамадзяне Расеі і Беларусі, якія звяртаюцца па міграцыйныя паслугі, такія як афармленне або замена дазволу на часовае або пастаяннае пражыванне ў Літве, павінны запоўніць анкету, каб даць пэўную інфармацыю і выказаць сваё стаўленне да вайны ва Украіне. Пасля вывучэння Дэпартаментам міграцыі сабраных звестак і дадатковых звестак розных рэспубліканскіх ведамстваў 1644 грамадзяніна Беларусі былі прызнаныя пагрозай нацыянальнай бяспецы. Грамадзянам Беларусі 562 разы было адмоўлена ў выдачы дазволу на часовае пражыванне ў Літве і 343 разы — у замене віду на жыхарства. У беларусаў 450 разоў анулявалі раней дзейныя віды на часовае пражыванне. Двум грамадзянам Беларусі было адмоўлена ў выдачы дазволу на пастаяннае пражыванне ў Літве, у васьмі выпадках такія дакументы анулявалі. Беларусам 279 разоў адмаўлялі ў выдачы нацыянальных літоўскіх віз”, – падсумоўвае літоўскае выданне.

* * *

Дзесяць гадоў таму на кіеўскім Майдане Незалежнасці пачаліся дэманстрацыі за збліжэнне з Еўразвязам, якія працягваліся на працягу некалькіх месяцаў. Напор сотняў тысяч пратэстуючых у выніку прывёў да звяржэння прарасейскі настроенага прэзідэнта Віктара Януковіча. Аглядальнікі абмяркоўваюць матывы ўкраінцаў і ролю ў падзеях замежных краін. «У аснове Майдана ляжала не толькі традыцыйная этнічна-моўная ўкраінская ідэнтычнасць», – падкрэслівае літоўскае выданне LRT.

«Не менш важным, калі нават не важней, быў пратэст супраць несправядлівасці, фанабэрыстасці і самаўпраўнасці ўлад – пасля таго як тыя перасягнулі ўсе чырвоныя лініі. Гэта быў і сацыяльны пратэст. Таму з самых першых дзён на Майдане можна было ўбачыць не толькі грамадзян Украіны рознага этнічнага паходжання, але і людзей практычна з усіх куткоў свету. Майдан стаў плавільным катлом: з аднаго боку, ён складаўся з традыцыйнай этнічна-моўнай гістарычнай украінскай ідэнтычнасці, з другога – з той ідэнтычнасці, якую амерыканцы – вядучая нацыя, якая валодае грамадзянскай супольнасцю, у самым пачатку сваёй канстытуцыі сфармулявалі так: «Мы, народ», – канстатуе літоўскае выданне.

* * *

На парламенцкіх выбарах у Нідэрландах ідзе гонка літаральна на адным узроўні: паводле дадзеных апошніх апытанняў, лідзіруе ісламафобская і правая папулісцкая Партыя свабоды Герта Вілдэрса, за якой з невялікім адрывам ідуць праваліберальная і цяпер пакуль яшчэ кіруючая Народная партыя дэмакратыі і чырвона-зялёны альянс Groenlinks-PvdA (Зялёныя левыя і Партыя працы) былога цяжкавагавіка ад палітыкі ЕЗ Франса Цімерманса. Больш за ўсё аглядальнікі асцерагаюцца магчымага зруху направа. «Герт Вілдэрс – гэта ключавая фігура правых сіл Еўропы», – папярэджвае брусельская газета Le Soir.

«Вілдэрс перакуліць чарговую костку даміно на карысць папулістаў і экстрэмістаў. Заснавальнік Партыі свабоды – адзін з ветэранаў радыкальнай антыімігранцкай і ісламафобскай рыторыкі ў Еўропе і адзін з першых прадстаўнікоў гэтага крайняга напрамку – яшчэ да Орбана, Марын Ле Пэн і лідэраў руху Флямандзкі інтарэс. Усе вышэйпералічаныя, зразумела, – ягоныя сябры. У часы, калі Віктар Орбан ладзіць новы антыеўрапейскі рэферэндум па пытаннях іміграцыі і войны ва Ўкраіне, а яго славацкі сябрук-папуліст Роберт Фіцо падхоплівае гэтую ініцыятыву, у часы , калі ў Італіі ва ўладзе ўжо знаходзіцца Джорджыя Мелоні, а Марын Ле Пэн цяпер як ніколі да такой улады блізкая, змена курсу ў Нідэрландах пагражала б жахлівымі наступствамі», – засцерагае бельгійскае выданне.

* * *

Згодна з новым даследаваннем арганізацыі Oxfam, усяго толькі тузін мільярдэраў пакідае такі ж вугляродны след, як і 2,1 мільёна хатніх гаспадарак. Найбагацейшы адсотак людзей, якія жывуць на нашай планеце, у які, па дадзеных Oxfam, уваходзяць тыя, чый прыбытак у год складае больш 140 000 даляраў, з’яўляецца крыніцай такой жа колькасці шкодных для клімату парніковых газаў, як і дзве траціны найбяднейшых грамадзян свету. «Дыскусія, ініцыяваная Oxfam, зрушвае фокус не ў той бок», – крытыкуе сітуацю шведская газета Sydsvenskan.

«Выконваць Парыжскае пагадненне абавязаны дзяржавы, а не асобныя асобы. Змяняцца павінны кампаніі, галіны і тэхналогіі. Несправядлівасць, звязаная з кліматычным крызісам, усім цудоўна вядомая. Менавіта таму Парыжскае пагадненне прадугледжвае тое, што пераходны перыяд павінен працякаць справядліва, і ў адпаведнасці з сацыяльнай устойлівасцю. Oxfam мае намер ініцыяваць дыскусію аб кліматычным падатку для самых багатых, замест таго, каб цалкам засяродзіцца на дзейсных мерах па барацьбе з выкідамі, адаптацыі да змены клімату і дапамогі пацярпелым», – адзначае шведскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя