Наталля Васілевіч: Памылка Ватыкана ў спробах не злаваць рэжым Лукашэнкі
Нямецкая рэдакцыя афіцыйнага партала Святога Прастола ў Ватыкане паведаміла пра затрыманне кс. Генрыха Акалатовіча ў Беларусі на фоне адсутнасці любых каментароў Каталіцкага Касцёла ў краіне. Выданне звярнула ўвагу на тое, што «улады выступаюць супраць Каталіцкага Касцёла», а біскупы ўстрымліваюцца ад крытыкі парушэнняў правоў чалавека з-за «масавых дзяржаўных рэпрэсій». Узгадалі ў Ватыкане і пра сітуацыю з Чырвоным касцёлам. А на наступны дзень пасля артыкула ў Беларусі зноў затрымалі ксяндза – Вячаслава Пялінака з Берасця.
Пагутарылі з тэолагам, прадстаўніцай ініцыятывы «Хрысціянская візія», якая першая паведаміла пра затрыманне ксяндза, Наталляй Васілевіч пра стан Каталіцкага Касцёлу ў Беларусі; ці правільна робіць Ватыкан пры выбары нейтральнай пазіцыі да рэжыму Лукашэнкі; што можа ў Беларусі стаць падставай для прыцягнення да адказнасці святароў за «здраду дзяржаве»; і як лёс зняволеных святароў звязаны з агульным становішчам палітзняволеных у Беларусі.
РР: Калі ласка, пракаментуйце навіну пра затрыманне ксяндза Генрыха Акалатовіча.
Наталля Васілевіч: Мы дакладна не можам нічога сказаць па гэтай справе, таму што ніякай афіцыйнай інфармацыі не было. Атрымлівалі мы інфармацыю ад розных крыніцаў з Рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі. Нам стала вядома, што ў мінулую пятніцу ксёндз Генрых Акалатовіч быў затрыманы. Артыкул, які яму выставілі, гэта здрада дзяржаве – той самы артыкул, па якім калісьці затрымлівалі іншага ксяндза Уладзіслава Лазара. Тады ксёндз Лазар правёў каля паўгода ў СІЗА КДБ, потым яго выпусцілі, і гэта справа не мела працягу. Ксяндза Акалатовіча прыкладна такім жа чынам затрымалі для аказання ціску нейкага, пэўна, на яго, ці на Рымска-каталіцкую царкву, улады Польшчы. Ксёндз Генрых па паходжанні паляк, пэўна, мае польскае грамадзянства. Тут ёсць розныя версіі, дзеля чаго гэта робіцца. Але, безумоўна, у гэтым кантэксце ціску на рэлігійныя арганізацыі, на Рымска-каталіцкі касцёл, у межах беларускага палітычнага крызісу гэта цалкам укладаецца.
Вельмі цяжка нешта казаць, паколькі гэта абсалютна непразрыстая сістэма, мы не маем кантактаў ні з ксяндзом, ні нейкіх афіцыйных заяваў з боку дзяржаўных органаў не было з нагоды гэтай крымінальнай справы. Хутчэй за ўсё гэта нейкі фэйк чарговы.
РР: Ватыканскае радыё, калі казала пра ксяндза Генрыха Акалатовіча, то ўзгадала акурат і праблему з Чырвоным касцёлам. Можа прычына крыецца ў закулісных перамовах пра вяртанне Чырвонага касцёла? Бо Ватыкан да апошняга, здаецца, прытрымліваецца такой нейтральнай пазіцыі, стараецца не злаваць рэжым Лукашэнкі.
Наталля Васілевіч: Так, Ватыкан стараецца рэжым Лукашэнкі не злаваць, але, бачыце, гэта памылковая стратэгія, таму што мы бачым, што ў Беларусі нават людзі, якія ў 2020 годзе неяк пратэставалі, а цяпер цалкам сышлі з публічнай прасторы, гэта іх не выратоўвае ад пераследу. То бок, рэжым не толькі рэагуе на нейкія канкрэтныя трыгеры, гэты рэпрэсіўны механізм дзейнічае вельмі часта проста нелагічна. Альбо не, у яго ёсць свая логіка – логіка татальнага гвалту. Гэтым дасягаецца падтрыманне страху ў грамадстве. Гэтая сістэма будзе працягваць дзейнічаць і далей, яна не можа сама сябе спыніць, бо многія ўнутры гэтай сістэмы, хто чыніць гвалт, яны разумеюць, што проста так ужо не выйсці з гэтай сістэмы.
Беларускае Радыё Рацыя