Беларускі штангіст Саковіч выйграў бронзу ў штуршку на моладзевым чэмпіянаце свету



У мексіканскай Гвадалахары набліжаецца да завяршэння моладзевы чэмпіянат свету па цяжкай атлетыцы – 2023, удзел у якім бралі пяцёра беларускіх спартоўцаў.

У ноч на чацвер на МЧМ адбыліся спаборніцтвы ў вагавой катэгорыі да 109 кг у хлопцаў, дзе нашу каманду прадстаўляў Уладзіслаў Саковіч. У першым практыкаванні – рыўку – беларус паказаў шосты вынік, у лепшай спробе зафіксаваўшы вагу 162 кг. Выступ Уладзіслава ў штуршку прынёс медаль: наш штангіст падняў штангу вагой 199 кг, з прычыны чаго стаў уладальнікам малога бронзавага медаля. Да подыўма ў двубор’і беларусу не хапіла зусім крыху – па суме практыкаванняў (361 кг). Саковіч заняў чацвёртае месца, саступіўшы трэцяй пазіцыі тры кілаграмы.

Шаранговіч закінуў чацвёртую шайбу ў сезоне Нацыянальнай хакейнай лігі

Беларускі нападнік „Калгары” Ягор Шаранговіч адзначыўся шайбай у матчы рэгулярнага чэмпіянату Нацыянальнай хакейнай лігі. Хакеісты „Калгары” гасцявалі ў „Нэшвіле” ў мясцовых „драпежнікаў”. За 45 секунд да заканчэння трэцяга перыяду Шаранговіч „абкраў” суперніка на сваёй сіняй лініі, адправіўся ў сольны праход і рэалізаваў выхад сам-насам, прычым зрабіў гэта пры гульні ў меншасці. Праўда, шайба беларуса „агеньчыкам” не дапамагла, да таго моманту „Калгары” ўжо адставаў на тры галы, сустрэча ў выніку скончылася на карысць „Нэшвіла” – 4:2. Ягор Шаранговіч правёў на лёдзе крыху больш за 17 хвілін і нанёс два кідкі. Пасля 19 гульняў сезона на рахунку беларускага нападніка „Флэймз” чатыры закінутыя шайбы і тры выніковыя перадачы.
Таксама ў ноч на пятніцу хатні паядынак праводзіў „Вашынгтон”, за які выступае яшчэ адзін беларускі форвард Аляксей Протас. У матчы супраць „Бафала” Протас не здолеў адзначыцца набранымі баламі, усяго Аляксей адыграў 13 з паловай хвілін і выканаў два кідкі. „Вашынгтон” у выніку даціснуў суперніка ў авертайме 4:3, святкаваўшы тым самым пятую перамогу запар.

Палякі даведаліся суперніка па 1/2 фіналу стыкавых гульняў кваліфікацыі Еўра-2024

У штаб-кватэры УЕФА ў швейцарскім Ньёне прайшло лёсаванне стыкавых матчаў кваліфікацыі Еўра-2024.  Паўфінальныя пары шляху А склалі зборныя Польшчы і Эстоніі, ды Уэльса і Фінляндыі. У паўфіналах шляху В згуляюць: Ізраіль – Ісландыя, Боснія і Герцагавіна – Украіна. У паўфінале шляху С футбалісты зборнай Грузіі сустрэнуцца з камандай Люксембурга. Пераможца гэтай пары згуляе ў вырашальным паядынку за выхад у фінальную стадыю ЧЕ з пераможцам матча Грэцыя – Казахстан. Паўфінальныя сустрэчы адбудуцца 21 сакавіка, а паядынкі за трапленне ў фінальную частку кантынентальнага чэмпіянату пройдуць 26 сакавіка наступнага года.

Месі згуляе супраць Раналду

У лютым адбудзецца таварыскі матч паміж „Інтэрам” з Маямі і „Аль-Насрам” з Эр-Рыяда. Раналду за сваю кар’еру забіў 865 галоў і на 44 галы апярэджвае Месі, на рахунку якога 821 гол у спісе бамбардзіраў усіх часоў. Хоць Леа па-ранейшаму пераўзыходзіць Крышціяну па сярэднім каэфіцыенце забітых мячоў за матч: 0,79 супраць 0,72. Пасля Раналду і Месі наступным у спісе дзеючых гульцоў ідзе паляк Роберт Левандоўскі з 631 голам і ўругваец Луіс Суарэс з 552 галамі.

Беларускае Радыё Рацыя