Расея і Беларусь рыхтуюць новы пакет інтэграцыйных праграм



Да канца года ўрады Расеі і Беларусі павінны падпісаць новы пакет сумесных інтэграцыйных праграм на 2024-2026 гады. Пра гэта падчас Беларускага інвестыцыйнага форуму ў Маскве паведаміў кіраўнік Міністэрства эканамічнага развіцця Расеі Максім Рашэтнікаў, піша Office Life. Колькі будзе праграм, і якое фінансаванне пад іх закладуць – пакуль невядома.

Раней стала вядома, што ў 2024 годзе Беларусь і Расея павялічаць узносы ў бюджэт Саюзнай дзяржавы на 40%, а яго памер на наступны год складзе 6,5 млрд расейскіх рублёў. Яшчэ раней былі зацверджаны 17 інтэграцыйных беларуска-расейскіх праектаў, якія павінны быць рэалізаваны да 2025 года за кошт крэдыту Расеі ў памеры $1,74 млрд.

80% прадукцыі аўтазавода “БелДжы” ідзе ў Расею

Віцэ-прэм’ер Пятро Пархомчык на сумесным пасяджэнні абедзвюх палат Нацыянальнага сходу паведаміў, што беларуска-кітайскі аўтамабільны завод “БелДжы” ў лістападзе ўжо выканаў гадавое заданне па вытворчасці аўтамабіляў, піша Myfin.by.

План на бягучы год быў вызначаны на роўні 60 тысяч машын, аднак па стане на цяпер з канвеера сышло ўжо 60 199 новых аўтамабіляў. Бягучыя паказчыкі “БелДжы” больш чым у два разы вышэйшыя за ровень мінулага года — тады за 12 месяцаў было выпушчана ўсяго каля 25 тысяч аўтамабіляў. Пры гэтым, па словах чыноўніка, у завода нібыта ёсць перспектывы для нарошчвання вытворчасці да 120 тысяч машын у год.

Пархомчык дадаў, што амаль усе вырабленыя машыны прадалі, пры гэтым 80 працэнтаў пайшло ў Расею.

Польшча напярэдадні Чорнай пятніцы і Кіберпанядзелка

64 працэнты палякаў плануюць рабіць пакупкі падчас Чорнай пятніцы і Кіберпанядзелка. Астатнія тлумачаць, што акцыі іх не цікавяць з-за недахопу грошай, а таксама з-за пераканання, што скідкі насамрэч невялікія.

Даследаванне паказвае, што ў сярэднім кожны жыхар Польшчы выдаткуе 1000 злотых, або 214 еўра, за гэтыя два дні шопінгу. У Еўропе гэтая сума складзе ў сярэднім 244 еўра. У параўнанні з выдаткамі ў мінулым годзе гэта азначае рост на 5 працэнтаў у Польшчы і на 8 працэнтаў у Еўропе. На думку аўтараў даследавання, польскія спажыўцы больш устойлівыя да шалёнага шопінгу, чым заходнееўрапейцы, галоўным чынам дзякуючы сваёй пакупніцкай дасведчанасці і рэгулярнасці правядзення рэкламных кампаній на працягу года.

Традыцыйна ў планавых пакупках пераважаюць катэгорыі адзення, электронікі і падарункаў. У параўнанні з Заходняй Еўропай Польшча вылучаецца большай цікавасцю да тавараў, звязаных са здароўем і прыгажосцю, бытавой тэхнікай і святочнымі падарункамі.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота з адкрытых крыніц.