Сямейнае свята з нагоды запустаў у школе Кірыла і Мяфодзія
Рэгіянальныя стравы, супольныя песні і танцы, выступ беларускіх музыкаў Андруся Такінданга і Акварэліі. – У Непублічнай школе Кірылы і Мяфодзія ў Беластоку прайшло сямейнае свята з нагоды запустаў.
Дырэктарка дзіцячага садка школы Люцыя Німеровіч адзначыла, што мерапрыемства таксама з’яўляецца вечарам народнай культуры меншасці, якая жыве на Падляшшы.
Люцыя Німеровіч:
– Мы тут жывём, маем сваю культуру і хочам яе паказваць. І таму мы арганізавалі ў гэтым годзе такое мерапрыемства, дзе будуць бацькі, дзеці з садка, вучні і настаўнікі. Мы пазнаем сваю культуру, пазнаем культуру сваіх прадзедаў і дзядоў. Вучні праз падобныя мерапрыемствы ангажуюцца, яны рыхтуюцца. Сёння быў такі вясёлы дзень, вучні радасна бегалі па лесвіцы ўгару і назад, бо вучні рыхтаваліся. Мы разам з вучнямі падрыхтавалі тэатральны выступ, я таксама там удзельнічаю.
У межах мерапрыемства адбыўся школьны кірмаш, дзе можна было пакаштаваць стравы народнай рэгіянальнай кухні. Настаўніца па рэлігіі Катажына Кічко распавяла, што запусты – гэта дзень перад пастом.
Катажына Кічко:
– У нашай школе ўжо некалькі год ладзяцца запусты, якія праводзяцца перад святамі Божага нараджэння і перад Пасхай. На запусты мы заўжды рыхтуем стол, куды мы прапаноўваем вучням прыносіць стравы сваіх бабуль. Вучні рыхтуюцца, упрыгожваюць свае месцы ручнікамі рознымі народнымі элементамі. Таксама спяваем песні.
Настаўніца беларускай мовы Іаанна Марко адзначыла, што ўпершыню запусты ў школе праходзяць увечары:
– У нашай школе запусты не першы раз, але ўпершыню яны адбываюцца ў такой форме, што мы сустракаемся ўвечары. Раней мы рабілі так, што кожны клас з дапамогай бацькоў у школьны дзень рыхтаваў стравы, якія можна было набыць. Сабраныя сродкі мы накіроўвалі на розныя мэты. Сёлета мы вырашылі зрабіць гэта ўвечары, каб гэта былі фактычна сапраўдныя запусты, як яны і мусяць выглядаць. Будзе пост перад Раством Хрыстовым, і запусты — гэта такі час, каб павесяліцца перад пастом. Мы таксама вырашылі ў гэты дзень запрасіць бацькоў і гасцей, каб правесці гэты вечар супольна.
Сярод гасцей у Непублічнай школе Кірыла і Мяфодзія былі беларускія музыкі Андрусь Такінданг і Аквалерыя. У гэты дзень яны выступілі яшчэ ў некалькіх школах Падляшша.
Старшыня фонду Kamunikat.org Яраслаў Іванюк, які арганізаваў прыезд музыкаў, зазначыў, што выступ Андруся Такінданга і Акварэліі дзецям спадабаўся:
Яраслаў Іванюк:
– Тое, што яны робяць, — гэта фантастычная справа. Яны ўмеюць уцягнуць у гульню, заахвоціць да супольнага спеву. Падчас іх выступу мяжа паміж сцэнай і публікай фактычна не існуе. Выступ у школе Кірыла і Мяфодзія адбыўся таксама ў вельмі пазітыўнай атмасферы.
Удзельнікі мерапрыемства адзначылі пазітыўную атмасферу свята на запусты ў школе. Кацярына эмігравала ў Беласток пасля падзей 2020 года, яе дачка ходзіць у школу другі год. “У школе вельмі моцныя народныя традыцыі, тут вельмі шануецца культура народаў Падляшша”, – адзначыла Кацярына.
Беларускае Радыё Рацыя