У Менску адзначылі 235-годдзе Валенція Ваньковіча
У Менску ўшанавалі 235-ю гадавіну з дня нараджэння мастака Валенція Ваньковіча. Да яго помніка каля сядзібы мастака былі ўскладзены кветкі, адбылася ўрачыстая вечарына і канцэрт.
Як сказаў дырэктар дома-музея Ваньковіча Сяргей Вечар, дзясяткі людзей сабраліся ў самым цэнтры гістарычнага Менску, каб аддаць даніну памяці выбітнаму беларускаму мастаку, які прыжыў яркае, насычанае, творчае жыццё.
– Напалеонаўскія войны, рэвалюцыя, эпоха рамантызму адным словам, і дзіця гэтай эпохі Валенцій Ванковіч свой талент, які загартоўваўся ў Полацку, у Віленскім універсітэце, у Пецярбургскім універсітэце, ён прысвяціў жывапісу, ён асабліва шмат працаваў у жанры партрэта. І менавіта дзякуючы Валенцію Ваньковічу нам засталіся ў спадчыну выявыя яго слынных суайчыннікаў.
Музей Ваньковіча быў адкрыты ў 2000 годзе. У ім створана вельмі цікавая экспазіцыя, якая паказвае жыццё, побыт шляхты першай паловы XIX стагоддзя. „На жаль, у музеі ёсць толькі жывапісныя копіі твораў Ваньковіча. Аднак мы разлічваем на сталае супрацоўнцтва з іншымі музеямі, у тым ліку музеямі Польшчы, што некаторыя арыгінальныя яго творы прыедуць у гэтую сядзібу і будуць убачаныя менчукамі і гасцямі нашага гораду,” – сказаў Сяргей Вечар.
* * *
У Менску адбылася імпрэза з нагоды 235-годдзя нараджэння мастака Валенція Ваньковіча. Да яго помніка каля сядзібы былі ўскладзены кветкі, адбылася ўрачыстая вечарына і канцэрт.
Уршуля Дарашэўская, дырэктар Польскага Інстытуту ў Менску, які выступіў адным з арганізатараў гэтага мерапрыемства, у сваім выступе сказала, што постаць Валенція Ваньковіча важна для абодвух культур – як польскай, так і беларускай.
– Мы вельмі рады, што ў Беларусі захоўваецца памяць пра яго, працуе музей ў яго родным доме, створаны помнік. У Польшчы Валенцій Ваньковіч вядомы перш за ўсё з-за славутага партрэта Адама Міцкевіча на скале Аю-Даг, які знаходзіцца ў Нацыянальным музее ў Варшаве.
Уршуля Дарашэўская падзякавала супрацоўнікам філіяла Нацыянальнага мастацкага музея „Дом Ваньковіча” і яго дырэктару Сяргею Вечару за супольную арганізацыю мерапрыемства. Да помніка мастаку былі ўскладзены кветкі. Пасля ўрачыстай імпрэзы ў доме-музеі мастака адбыўся вялікі канцэрт.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара.