Зняволенне адбываў на Калыме



24 лістапада спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэння беларускага паэта, празаіка і перакладчыка Вісарыёна Гарбука (1913-1986).

Гарбук

Нарадзіўся Вісарыён Гарбук у вёсцы Шкілякі Полацкага раёна ў сялянскай сям’і. Пасля смерці бацькі ў 1917 годзе жыў у дзядзькі Язэпа Ключонкі, настаўніка пачатковай школы. Юнак скончыў школу сялянскай моладзі ў Чашніках і педтэхнікум у Лепелі.

З 1933 года Вісарыён Гарбук працаваў настаўнікам і вучыўся завочна, з 1935 года – стацыянарна на літаратурным факультэце Менскага педагагічнага інстытута. Пісаў вершы, займаўся ў секцыі паэтаў-пачаткоўцаў пры СП БССР.

У красавіку 1936 года яго арыштавалі, а 13.07.1936 года асудзілі судовым органам за антысавецкую агітацыю, контррэвалюцыйныя нацдэмаўскія вершы паводле арт. 72а КК БССР на тры гады ППЛ. Зняволенне пісьменнік адбываў на Калыме. Там ён адбыў свой тэрмін і яго вызвалілі ў 1940 годзе. А рэабілітавалі ў 1961 годзе.

Вісарыён Гарбук працаваў настаўнікам у Мехаўскай школе Гарадоцкага раёна. У 1941-1946 гадах служыў салдатам у складзе інжынерных войск Чырвонай Арміі. Ваяваў пад Масквой, у Беларусі, пад Варшавай, у Берліне.

Франтавая хвароба на 14 гадоў прыкавала Вісарыёна Сцяпанавіча да шпітальнага ложка. Ён жыў у Пяцігорску.

Літаратурнай працай стала пачаў займацца ўжо цяжка хворым. Працаваў літаратурным кансультантам краявой газеты “Каўказская здраўніца”. Публікаваўся ў расейскім друку з 1957 года, у беларускім — з 1961 года. Выйшла з друку некалькі кніг, а першы зборнік апавяданняў пабачыў свет у 1963 годзе ў Менску пад назвай “Не шукаю спакою”. Перакладаў на беларускую мову казкі народаў Паўночнага Каўказа. Заслужаны работнік культуры Беларусі (1979).

Памёр Вісарыён Гарбук у Пяцігорску (Расея), дзе і пахаваны.

Беларускае Радыё Рацыя