Каралёк дапамог „Кельцэ” абыграць „Заграб” у Лізе чэмпіёнаў
Беларус Арцём Каралёк дапамог гандбалістам „Кельцэ” перамагчы харвацкі „Заграб” у стартавым паядынку другога раунда групавога этапа Лігі чэмпіёнаў. Гуляючы на сваёй арэне, чэмпіёны Польшчы яшчэ за 9 хвілін да фінальнай сірэны саступалі гасцям, але ў канцоўцы здолелі дагнаць супернікаў і дамагчыся перамогі 28:24. Арцём Каралёк двойчы закінуў харвацкай камандзе, у яго актыве зараз 13 закінутых мячоў. У паядынку двух лідараў групы А дацкі „Ольбарг” і нямецкі „Кіль” не выявілі пераможцу – нічыя 27:27. Французскі „Пары Сен-Жэрмен” і нарвежскі „Кальстад” таксама разышліся мірам – 28:28. Венгерскі „Пік” з Сегеда адолеў „Еўрафарм” – 28:27. Пасля 8 тураў у „Кіля” – 11, у „Ольбарга” і „Кельцэ” – па 10 ачкоў.
Матч «Белшыны» супраць менскага «Дынама» перанесены на стадыён са штучным газонам
Матч 29-га тура вышэйшай лігі паміж «Белшынай» і менскім «Дынама» павінен быў адбыцца 26 лістапада на стадыёне «Спартак». Але з прычыны ўмоў надвор’я і якасці поля матч перанесены на стадыён імя Аляксандра Пракапенкі, поле на якім пакрыта штучным газонам.
Жаночая зборная Беларусі пачала падрыхтоўку да матчаў Лігі нацый УЕФА
Футбалісткі зборнай Беларусі пачалі падрыхтоўку да заключных паядынкаў жаночай Лігі нацый УЕФА.
Галоўны трэнер беларускай дружыны Юрый Малееў запрасіў на трэніровачны збор 24 гульцы.
Да 28 лістапада каманда будзе трэніравацца ў Менску на базе тэхцэнтра АБФФ у Вяснянцы, а потым адправіцца ў Будапешт, дзе 1 снежня правядзе намінальна хатні матч са зборнай Чэхіі. Потым беларускі перабазуюцца ў Зяніцу і 5 снежня сустрэнуцца з лідэрам групы 4 камандай Босніі і Герцагавіны.
Беларускім шахматыстам працягнулі дазвол выступаць пад сцягам FIDE
Міжнародная шахматная федэрацыя (FIDE) працягнула дазвол беларусам і расейцам выступаць пад сцягам арганізацыі да 1 студзеня 2025 года. «Працяг тэрміну дзеяння прадстаўніцтва сцяга FIDE для расейскіх і беларускіх гульцоў: Расейскім і беларускім гульцам, якія выступаюць у цяперашні час пад сцягам FIDE, будзе прадстаўленая адтэрміноўка для працягу выступаў пад сцягам ФІДЭ да 1 студзеня 2025 года», – гаворыцца ў рашэнні, апублікаваным на сайце арганізацыі.
Сербія разам з Джокавічам прайшла ў паўфінал Кубка Дэвіса
Новак Джокавіч, які ўзначальвае сусветны рэйтынг тэнісістаў, перайграў на Кубку Дэвіса брытанца Кэмерана Нары 6:4, 6:4. Сустрэча Сербіі і Вялікабрытаніі праходзіла на стадыі 1/4 фінала. Такім чынам, Джокавіч рыхтуецца прадставіць сваю краіну ў паўфінале турніру супраць каманды Італіі. Паспрыяў гэтаму і партнёр Новака — Міямір Кецманавіч, які ўзяў верх у сваім паядынку над прадстаўніком Туманнага Альбіёна Джэкам Дрэйперам 7:6, 7:6.
Беларускае Радыё Рацыя