Фактар «Bulbamоviе»



24-26 лістапада ў Варшаве трывае фестываль рознажанравых беларускіх фільмаў «Бульбамуві». Стваральнік фестывалю, беларус з Беласточчыны, Януш Гаўрылюк напярэдадні ў сваім допісе ў фэйсбуку адзначыў, што беларускае незалежнае кіно на раздарожжы: праз падзел на з’ехалых і тых, хто застаўся культурна партызаніць у Беларусі.

«Бульбамуві» мае насычаную праграму, пазней мы пабачым рэцэнзіі, яшчэ пазней вынік супрацы пасля новых знаёмстваў між творцамі і прадусарамі. Бо на фестываль прыехалі беларусы не толькі з Польшчы, але з іншых краінаў, дзе рэпрэзентаваная старая і новая беларуская дыяспары. А таксама беларусы ўласна з Беларусі, бо мяжа хоць і кантралюецца блізка да татальнасці, але не закрываецца.

Таму я проста раю гугліць хоць па-ангельску, хоць па-беларуску «Бульбамуві», і наведваць імпрэзы, калі вы ў Варшаве.

Ад вызвалення Польшчы ад камуністычнага рэжыму ў канцы 1989 году з польскага боку ішла падтрымка грамадскага і культурнага жыцця ў Беларусі. Дакладней парасткаў будучай грамадзянскай супольнасці. Таго, што з дзесяцігоддзямі вырасла ў сучасны грамадска-культурны кантынент.

Кантынент, які дааформіўся ў 2020 годзе, калі толькі песень за чатыры месяцы рэвалюцыйных працэсаў з’явілася некалькі соцень. Дадамо вершы, візуальнае мастацтва, а пазней кіно і спектаклі – тысячы праектаў выбухнулі з вулканічным маштабам.

Да 2020 году Польшча, у тым ліку аўтахтонныя беларусы Польшчы, былі ці не асноўным донарам пляцовак для развіцця беларускіх творцаў за мяжой. Пачынаючы ад «Басовішча» – найбуйнейшага фестывалю беларускай музыкі каля вёскі Гарадок, зусім побач з польска-беларускай мяжой, і да шматлікіх гастрольных і выставачных тураў беларускіх творцаў усіх відаў мастацтва.

Беларусы прыязджалі, набіраліся паветра свабоды і новых знаёмстваў, а пасля вярталіся дамоў ствараць новую, паралельную аўтарытарызму, Беларусь.

Цяпер многія, калі не большасць, з тых творцаў засталіся ў Польшчы.

Калі хтосьці сумуе, маўляў, беларусы не вернуцца з эміграцыі, я адказваю: «Хай майстрыца нарошчвання пазногцяў ці плітачнік-аддзелачнік знойдуць сваё чалавечае шчасця ў новых рэаліях». Бо калі я гляджу на такія імпрэзы як «Бульбамуві», якія акумулююць вакол сябе велічэзную колькасць беларускіх крэатараў, я спакойны за будучыню беларускай нацыі.

Бо нацыя – гэта найперш культура.

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя