У Латвіі могуць забараніць аўтамабілі з беларускай рэгістрацыяй



У Латвіі не адмовіліся ад ідэі абмежаваць рух аўтамабіляў з беларускімі нумарамі. Пра гэта ў эфіры Латвійскага радыё заявіла міністр юстыцыі Інэсэ Лібіня-Эгнерэ. На яе думку, расейцы могуць атрымліваць аўтамабільныя нумары ў Беларусі і вяртацца ў Латвію ўжо на беларускіх нумарах. Міністр юстыцыі кажа, што ад пачатку прапаноўвала аднолькавыя санкцыі супраць аўтаўладальнікаў з Беларусі і Расеі. Аднак гэтую прапанову адхіліла працоўная група, спаслаўшыся на тое, што Еўразвяз пастанавіў канфіскоўваць толькі аўтамабілі з расейскай рэгістрацыяй, піша “Еўрарадыё”.

На пачатку лістапада латвійскі Сейм забараніў з 14 лютага перамяшчэнне машын з расейскімі нумарамі. Аўтамабілі, якія цяпер знаходзяцца на тэрыторыі Латвіі, абавязаныя выехаць з краіны або перарэгістравацца.

Для Беларусі падоўжылі бязмытны ўвоз электрамабіляў

Дазвол на бязмытны ўвоз электрамабіляў на тэрыторыю краіны ЭАЭС дзейнічае з 2009 году. Сёлета 31 снежня гэтае рашэнне страчвала юрыдычную моц. Але Савет Еўразійскай эканамічнай камісіі падоўжыў да 31 снежня 2025 года дзеянне тарыфнай ільготы ў выглядзе вызвалення ад аплаты мыта пры ўвозе ў краіны Еўразійскага эканамічнага саюзу электрамабіляў.

Без мыта электрамабілі могуць увозіць толькі грамадзяне Арменіі, Беларусі, Казахстана і Кыргызстана. Пры гэтым не дазваляецца перадача права на ўласнасць і карыстанне электрамабілямі грамадзянам Расеі.

Зяленскі ўвёў санкцыі супраць трох беларускіх прадпрыемстваў

У адпаведнасці з указамі прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага ад 23 лістапада ўведзены санкцыі супраць начальніка Беларускай чыгункі Уладзіміра Марозава тэрмінам на 10 гадоў, а таксама на 5 гадоў у дачыненні да прадпрыемстваў “Белгіпс” з Менскага раёна, “Карпарацыя ВОЛМА БЕЛ” з Менска і “Тэхна-Хім-Рэагент-Бел” з Гародні.

Такім чынам прэзідэнт Украіны ўвёў у дзеянне рашэнні Рады нацыянальнай бяспекі і абароны аб прымяненні эканамічных санкцый супраць шэрагу расейскіх і іншых фізічных асоб і кампаній. Санкцыі прадугледжваюць замарожванне актываў, абмежаванне гандлёвых аперацый, забарону на транзіт праз тэрыторыю Украіны і так далей.

Аўстралійскія фермеры бясплатна раздаюць авечак

Цэны на бараніну ў Аўстраліі ўпалі на 75%. У выніку закупачная цана мяса часам складае каля $1 за кілаграм. Каб не выдаткоўваць грошы на корм для жывёл, мясцовыя фермеры аддаюць іх за бясцэнак, а часам нават бясплатна.

Галоўная праблема – у рэзкім росце пагалоўя авечак. З 2020 года яно вырасла ў краіне на 23% і цяпер перавышае 78 700 000 галоў. Гэта максімум з 2007 года. Таму жывёлы так моцна патаннелі, што дарослая авечка каштуе крыху больш за $20, піша Office Life. Пры гэтым зімой у Аўстраліі чакаецца засуха, і, паводле ацэнак спецыялістаў, будуць праблемы з кормам для жывёл, якія працягнуцца да вясны 2024 года.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота з адкрытых крыніц.