Вячаслаў Сіўчык: Лёс удзельнікаў Слуцкага збройнага чыну – гэта лёс беларускай нацыі
Ужо ў бліжэйшую нядзелю, 26-га лістапада, беларусы Варшавы зладзяць святкаванне Дня Герояў. У студыі Радыё Рацыя – госць, суарганізатар мерапрыемста, лідар Руху салідарнасці „Разам” – Вячаслаў Сіўчык.
РР: Марш прымеркаваны да Дня Герояў – мы ўшаноўваем такім чынам удзельнікаў Слуцкага збройнага чыну. Не ўсе нашы слухачы, на жаль, ведаюць пра Слуцкае паўстанне. Што гэта было?
Вячаслаў Сіўчык: Слуцкі збройны чын – гэта сапраўды вельмі гераічны чын. Гэта было паўстанне сялянаў Слуцкага павета, якое пачалося 27-га лістапада 1920 года ў вельмі неспрыяльных для беларускага народа ўмовах. Бо Беларусь вельмі пацярпела ў часы І Імперыялістычнай вайны. І вось калі ўдалося сфармаваць у Слуцкім павеце беларускую ўладу, Раду Слуцкага павета, яна абвесціла, што ўлада мусіць быць Беларускай Народнай Рэспублікі, і правяла мабілізацыю. І гераічна вялі збройную барацьбу супраць бальшавікоў. А сам дзень 27-га лістапада мае назоў Дзень Герояў.
Так атрымалася, што дзясяткі гадоў мы арганізоўвалі паездкі 27-га лістапада на Случчыну, яшчэ да Лукашэнкі Беларускі Народны Фронт паставіў тры крыжы ў Грозаве, Семежаве і Вызне, якая цяпер называецца Чырвоная Слабада. У гэтыя дні мы заўсёды прыгадвалі гераічны подзвіг случакоў. Тут яшчэ адзін вельмі важны момант, што ўся гэтая зона Слуцкага паўстання практычна была выпаленая камуністычнымі рэпрэсіямі. Напрыклад, тая ж Чырвоная Слабада фактычна заселена ўжо не тутэйшымі, а хто з усходу прыехаў. Наогул, лёс удзельнікаў Слуцкага збройнага чыну – гэта лёс беларускай нацыі.
26-га лістапада ў Варшаве будзе Дзень Беларускіх Герояў, і там будуць якраз прадэманстраваны партрэты кіраўнікоў Слуцкага збройнага чына. Будуць названыя прозвішчы. Натуральна, што ўсе прозвішчы мы назваць не зможам, бо сяляне не ўхіляліся ад мабілізацыі, спісы гэтыя ёсць. Я вельмі спадзяюся, што калісьці па гэтых вёсках, на тых месцах, дзе былі вёскі, будуць пастаўлены помнікі, дзе будуць выбіты імёны і прозвішчы герояў, якія пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына.
РР: З сённяшняга пункту гледжання, ці быў у паўстанцаў хоць нейкі шанец на перамогу?
Вячаслаў Сіўчык: Быў. Там сітуацыя была яшчэ ў чым, якраз беларускае адраджэнне прывяло да таго, што разняволіліся сілы беларускага народа. Катастрафічным было тое, што не ўдалося стварыць паўнавартаснае Беларускае войска. Для беларусаў была страшная сітуацыя – мільёны чужых салдатаў тапталі нашую зямлю. Тут стаяў вельмі доўга фронт І Імперыялістычнай вайны, які рассякаў фактычна Беларусь. І случакі, як і іншыя ўдзельнікі антыбальшавіцкіх паўстанняў – іх было вельмі шмат, яны адбываліся нават па-за сённяшняй тэрыторыяй Рэспублікі Беларусь – гэтыя паўстанцы не толькі ратавалі гонар нацыі, яны паказалі, што Беларусь усё роўна мусіць быць. І іхны пасыл абсалютна актуальны і сёння.
РР: Але паўстанне мэты не дасягнула. І хтосьці можа зараз запытаць, навошта святкаваць пройгрыш?
Вячаслаў Сіўчык: Па-першае, мы ніколі не святкавалі пройгрыш. 27-га лістапада – гэта пачатак Слуцкага збройнага чына. Мы зараз у Польшчы. Прыгадайце гісторыю пасля трох падзелаў Рэчы Паспалітай. Колькі гадоў цягнулася акупацыя польскіх земляў і колькі было паўстанняў. Гісторыю трэба паважаць, і жадаем мы ці не, мы нарадзіліся і калісьці закончыцца нашае зямное жыццё. І трэба як мінімум паважаць гераізм, асабліва калі вы беларус і калі мы кажам пра гераізм беларусаў. Ён быў масавы. Вельмі хутка была сфармавана Слуцкая брыгада. Пачаў фармавацца Грозаўскі полк. Самае страшнае, што яшчэ было, што не хапала зброі, раштункаў і так далей. Каб была зброя, Беларусь уся магла б тады палыхнуць.
РР: У праграме святкавання будзе шэсце, а таксама мітынг і канцэрт.
Вячаслаў Сіўчык: Так, мы заклікаем усіх, хто ў Варшаве, 26-га лістапада прыходзіць на вуліцу Новы Свят, каля дома №15. Там пачне фармавацца калона а 13.30. А 13.40 пачнецца рух калоны. Мы ідзем да помніка Каперніку, дзе адбудзецца мітынг. Будзе гістарычная частка, будуць прадэманстраваныя шэсць партрэтаў кіраўнікаоў Слуцкага паўстання. Але гэты Дзень Беларускіх Герояў у Варшаве мае і іншыя мэты. Гэта не столькі ўзгадванне гісторыі, бо ўпершыню будуць публічна агучаны спісы забітых герояў, якіх забіла лукашэнкаўская банда. Такога яшчэ ніхто не рабіў. Гэта дастаткова вялікі спіс і партрэты гэтых людзей будуць таксама прадэманстраваныя. Акрамя таго, будуць агучаны імёны і прозвішчы беларускіх гурояў, якія загінулі за Украіну. І чацвёртая мэта – мы будзем казаць не толькі пра тых герояў, якія аддалі сваё жыццё за незалежную дэмакратычную Беларусь. Мы будзем казаць і пра сённяшніх герояў. Гэта беларускія палітвязні. Да акцыі падрыхтавана каля 40 банераў. Гэта патрабаванне вызвалення канкрэтнага палітвязня. Бо ў лукашэнкаўскіх засценках незаконна ўтрымліваецца вялікая колкасць беларусаў, якія маюць гістарычныя заслугі ў барацьбе за правы і свабоды беларускага народа. Бо тое, што робіцца ў Беларусі, можна назваць адным ёмкім словам – ЖАХ.
Беларускае Радыё Рацыя