Яшчэ два тыдні няпэўнасці
Дзяржаўная Выбарчая камісія Польшчы паведаміла афіцыйныя вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Польшчы. З іх вынікае, што перамог прадстаўнік апазіцыйнай партыі “Права і Справядлівасць” Анджэй Дуда. З дзейсным прэзідэнтам Браніславам Камароўскім яны выступяць у другім туры 24 траўня.
Розніца ў колькасці галасоў паміж двумя галоўнымі канкурэнтамі склала ўсяго 0,99%. Аднак гэтага было дастаткова, каб замежныя медыі назвалі вынікі выбараў “шокам”. Для дзейснага прэзідэнта і яго выбарчага штабу гэта быў шок, бо яны нават не дапускалі думкі пра паразу. Больш таго: гледзячы на вынікі апытанняў, яны разлічвалі на перамогу ўжо ў першым туры. Таму і Камароўскі не ўдзельнічаў у перадвыбарчых дэбатах, мала ездзіў па Польшчы, амаль не праводзіў выбарчай кампаніі, будучы ўпэўненым, што перамога яму належыцца як сабаку костка. Затое яго галоўны канкурэнт, малады ды імпэтны Анджэй Дуда вылазіў са скуры, каб толькі заручыцца падтрымкай як мага большай колькасці выбаршчыкаў, і яго праца дала вынік. Зрэшты пасля першага туру ён адразу ўзяўся за працу з думкай пра другі тур. Знакаміты вынік, амаль 21% галасоў, атрымаў трэці кандыдат, рок-музыка Павал Кукіз. Яму прарочаць поспех на парляменцкіх выбарах, калі змантуе свой грамадзянскі рух. Вынікі астатніх 8-мі кандыдытаў лепш літасціва прамаўчаць, бо на фоне гэтых трох акулаў яны сапраўдны планктон.
Цягам двух бліжэйшых тыдняў будзем сведкамі заўзятай, нават агрэсіўнай кампаніі. Адбудуцца тэледэбаты двух канкурэнтаў, і хутчэй за ўсё яны будуць гарачыя. Камароўскі зможа паказаць сваю ўзважаную кампетэнтнасць і палітычны досвед, затое Дуда – подых навізны, дынамізм і маладосць. Надзвычай важна, каб дэбаты праводзіліся з улікам фактычных, канстытуцыйных паўнамоцтваў прэзідэнта, а не былі іх канцэртам пажаданняў і размовай пра ўсё, што хвалюе грамадзян. Мы прызвычаіліся да таго, што кандыдаты на любыя высокія пасады, у тым ліку ў прэзідэнты, абяцаюць мноства рэчаў. Анджэй Дуда абяцае вярнуць ранейшы пенсійны узрост: 60 гадоў для жанчын і 65-для мужычын. Паводле эканамістаў, на гэта спатрэбіцца ў бюджэце дадатковыя 45 мільярдаў злотых. Ён хоча падвышыць да 8 тысяч суму прыбыткаў, вызваленую ад падаткаў. Гэта азначае яшчэ 14 мільярдаў злотых у год. Калі б ўсім дзецям запэўніць доступ да дзіцячых садкоў і прадкшолляў, то спатрэбілася б 20 мільярдаў, а калі б выканаць абяцанне Дуды і на кожнае дзіцё і з бедных, і з заможных сем’яў выплачваць па 500 злотых у месяц, цягам 5 гадоў, то гэта складзе 100 мільярдаў злотых. Агулам, выкананне абяцанняў Анджэя Дуды абыйшлося б дзяржаве у 250 мільярдаў злотых у год. Раздаваць віртуальныя грошы лёгка, але адкуль іх узяць, не падвышаючы, але змяншаючы падаткі? Гэтае пытанне павінна прагучаць у якасці першага падчас тэледэбатаў. Другое пытанне: як прэзідэнт можа правесці ў Сойме свой законапрект, не маючы ў ім парламенцкай большасці? Ніяк. Трэба, каб партыя, з якой сябе атоесамлівае прэзідэнт, мела большасць, свайго прэм’ера і ўрад. Аднак гэта будзе вырашацца на восенскіх парламенцкіх выбарах.
Усё вышэй сказанае відавочнае для экспертаў, але ніяк не для звычайных выбаршчыкаў. Шэраговыя грамадзяне чамусьці не могуць зразумець, што пры ўсім сваім жаданні прэзідэнт Польшчы няшмат можа. Ён падпісвае ўсе законы, можа накласці вета на любы закон, сам можа выступіць з заканадаўчай ініцыятывай, але законы прыймае Сойм. Калі кандыдат будзе плесці нешта нерэальнае, кшталту вяртання да даўняга пенсійнага ўзросту, трэба яго адразу спыніць і сказаць: не вешай нам лапшы на вушы! Паколькі аднак большасць выбаршчыкаў кіруюцца эмоцыямі і сімпатыямі, а не розумам, вынік другога туру немагчыма прадказаць. Розніца галасоў можа быць мінімальнай.