У ЦВК Беларусі назвалі імаверную дату наступных прэзідэнцкіх выбараў



Чарговыя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі павінны адбыцца не пазней за 20 ліпеня 2025 года, – заявіў кіраўнік ЦВК Ігар Карпенка. Яго словы перадае Sputnik Беларусь.

Кіраўнік ЦВК нагадаў, што перад прэзідэнцкімі пройдуць выбары ў „парламент” і мясцовыя саветы дэпутатаў, якія адбудуцца ў адзіны дзень галасавання – 25 лютага 2024 года.

Таксама Карпенка адзначыў, што выбарчых участкаў для галасавання грамадзян Беларусі, якія пастаянна пражываюць за мяжой, у іншых краінах не будзе, для іх вызначаны новы фармат. Паводле слоў Карпенкі, беларускія грамадзяне змогуць прагаласаваць на адным з участкаў, што размешчаны ў Менску. Як паведаміў кіраўнік Цэнтрвыбаркама, „па гэтым пытанні будзе прынята асобная пастанова ЦВК”.

Нагадаем, апошнія прэзідэнцкія выбары ў Беларусі выклікалі маштабныя пратэсты, а пасля – масавыя рэпрэсіі і хвалю эміграцыі.

Беларускае Радыё Рацыя