Агульнанацыянальная праблема — алкагалізм



У Рэспубліканскім цэнтры псіхалагічнага здароўя паведамілі, што на медычным уліку знаходзіцца звыш 145 тысячаў грамадзянаў з дыягназам «алкагалізм».

У параўнанні, гэта цэлае насельніцтва такіх гарадоў, нават болей, як Мазыр, Пінск ці Ворша. Медыкі заклікаюць не ігнараваць праблему і ўсведамляць, што афіцыйны ўлік, гэта не 100% ахоп людзей, якія маюць праблемы з алкаголем.

Наш карэспандэнт пацікавіўся ў грамадзянаў, як на іх думку трэба змагацца з алкагалізацыяй насельніцтва краіны:

— Нічога, толькі выпраўленне менталітэту ад алкаголю. Гэта нас з дзяцінства закладваюць такія рэчы. Ніякае заканадаўства не дапаможа ў гэтай галіне.

— Культура піцця алкаголю – гэта вельмі праблема вялікая ва ўсім свеце. Так што, як яе развязаць, мы не ведаем.

— Мне, да прыкладу, навошта адмаўляцца ад алкаголю? Іншая справа, калі ў чалавека ўзнікаюць нейкія праблемы, тут ужо ўсё нашмат цяжэй. Тут ужо, мусіць, прыйдзецца звяртацца да паслуг адмыслоўцаў.

— Толькі сам чалавек. Калі не хоча – не п’е. Хоча – пʼе. А што яшчэ можна? Больш нічога

Між іншага, у Беларусі гучалі прапановы павысіць узроставы бар’ер да 21 года, калі можна рэалізоўваць чалавеку спіртовыя напоі. Таксама адмовіцца ад вырабу таннага віна, сумнеўнага піва ў аснове якога не натуральныя ці не класічныя інгрэдыенты.

Беларускае Радыё Рацыя