„Пяст” спыніў 7-матчавую пераможную серыю „Ягелоніі”



На стадыёне ў Беластоку „Ягелонія” і „Пяст” згулялі ўнічыю 0:0 ў сваім 16-м туры чэмпіяната Польшчы па футболе. За каманду Адрыяна Семенеца не гулялі Нэнэ, які прапускаў матч з-за картак, а таксама адзін з лідараў абароны Адрыян Дыегес, які па словах трэнера парушыў сістэму каштоўнасцяў клуба. Пасля сямі перамог запар «Ягелонія» ўпершыню згуляла ўнічыю.

Хакеісты менскага „Дынама” дома буйна прайгралі ЦСКА

Хакеісты менскага „Дынама” з паразы пачалі чарговую хатнюю серыю ў рэгулярным чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі. У пятніцу на „Мінск-Арэне” гасцяваў чэмпіён двух папярэдніх сезонаў КХЛ – маскоўскі ЦСКА. У другім перыядзе памылкай гаспадароў скарыстаўся ўраджэнец Менска і капітан ЦСКА Павел Карнаухаў. На выпраўленне сітуацыі ў „зуброў” была цэлая заключная 20-хвілінка, аднак замест ліку 1:1 нашыя хакеісты атрымалі 0:4. „Зубры” з 34 ачкамі займаюць сёмую пазіцыю. Другі і заключны паядынак у гэтай хатняй серыі менчукі правядуць у нядзелю супраць маскоўскага „Дынама”.

Шаранговіч набраў тры ачкі і быў прызнаны трэцяй зоркай матча з „Даласам”

У чарговым матчы рэгулярнага чэмпіянату НХЛ „Калгары” на выездзе перамог „Далас” з лікам 7:4. Беларускі форвард гасцей Ягор Шаранговіч правёў на лёдзе 14 хвілін 11 секунд, набраў 3 (1+2) ачкі па сістэме „гол+пас”, нанёс 5 кідкоў, выйграў 2 з 3 укідванняў і зарабіў „+2” па сістэме „плюс-мінус”. Пры гэтым на думку прэс-службы „Калгары”, Шаранговіч стаў лепшым гульцом паядынку. У агульнай складанасці Ягор набраў 10 (5+5) балаў у 20 баталіях сёлетняга сезона. „Вашынгтон” на сваёй пляцоўцы пацярпеў буйное дамашняе паражэнне ад „Эдмантана” з лікам 0:5. Беларускі форвард гаспадароў Аляксей Протас правёў на пляцоўцы 14 хвілін 58 секунд, нанёс адзін кідок, выйграў 1 з 2 укідванняў і зарабіў „-1” па сістэме „плюс-мінус”.

Гатоўка выбыла ў паўфінале турніру ІТФ

238-ы нумар рэйтынгу ВТА Юлія Гатоўка выбыла ў 1/2 фіналу турніру ІТФ у італьянскім Артызеі з прызавым фондам 25 000 даляраў. Беларуска прайграла прадстаўніцы Германіі Моне Бартэль – 6:3, 3:6, 4:6.

Беларускае Радыё Рацыя