Былы прэм’ер-міністр Расеі прызнаны „замежным агентам”
Былы прэмʼер-міністр Расеі Міхаіл Касьянаў, які крытыкуе цяперашнія ўлады краіны і пакінуў Расею на знак пратэсту супраць вайны ва Украіне, быў у пятніцу ўключаны расейскімі ўладамі ў спіс „замежных агентаў”, паведаміла Міністэрства юстыцыі Расеі.
Мінюст абвінавачвае Касьянава ў тым, што ён выступае „супраць спецыяльнай ваеннай аперацыі ва Украіне” і ўваходзіць у „Расейскі антываенны камітэт”, які ўлады лічаць „арганізацыяй, скіраванай на дыскрэдытацыю знешняй і ўнутранай палітыкі Расеі”.
Камітэт быў створаны за мяжой у 2022 годзе некалькімі расейскімі апазіцыянерамі, у тым ліку былым алігархам Міхаілам Хадаркоўскім. Палажэнне аб „замежных агентах” у Расеі першапачаткова распаўсюджвалася на няўрадавыя арганізацыі, якія прызнаваліся такімі, калі яны займаліся палітычнай дзейнасцю і атрымлівалі сродкі з-за мяжы. На практыцы крытэрыі прызнання арганізацый „агентамі” былі незразумелымі ад пачатку і выкарыстоўваліся для рэпрэсій над незалежнымі групамі. Пазней палажэнні аб „агентах” сталі распаўсюджвацца на СМІ і на фізічных асоб.
Міхаіл Касьянаў быў прэмʼер-міністрам падчас першага прэзідэнцтва Уладзіміра Пуціна з 2000 па 2004 год. Раней, у 1999-2000 гадах, ён займаў пасаду міністра фінансаў. Пазней ён стаў заўзятым крытыкам уладаў у Крамлі.
Беларускае Радыё Рацыя