Эстонія рыхтуецца да закрыцця мяжы з Расеяй



У пятніцу на памежным пункце ў Нарве працягнулі падрыхтоўку да магчымага закрыцця мяжы з Расеяй. На мосце паставілі дадатковыя загароды, піша ERR.

Першыя бетонныя піраміды на мосце ў Нарве з’явіліся ўвечары 16 лістапада пасля таго, як на ўсходнюю мяжу Эстоніі прыбылі 19 грамадзян Самалі і Сірыі, якія спрабавалі без законных падстаў прабрацца ў краіну праз пагранпераход у Нарве.

У чацвер прэфектура Дэпартамента паліцыі і памежнай аховы Іды (рэгіён на ўсходзе Эстоніі) паведаміла, што ў сувязі з абвастрэннем міграцыйнай сітуацыі памежны пункт у Нарве можа быць закрыты. У такім выпадку будзе складана вярнуцца ў Эстонію, таму ўлады не рэкамендуюць ездзіць у Расейскую Федэрацыю.

Загароды спатрэбяцца і ў далейшым, паколькі 1 лютага закрыецца на рэканструкцыю КПП «Івангорад».

„Два сцэнары выкарыстання загарод: з 1 лютага, калі Івангорад зачыняць, і другі – пры ўзнікненні неабходнасці”, – паведамілі карэспандэнту ERR у Дэпартаменце паліцыі і памежаховы.