BySol летась перадаў рэпрэсаваным каля 2 мільёнаў еўра



Агульная сума ахвяраванняў, якія фонд салідарнасці BySol прыцягнуў ад прыватных і інстытуцыйных донараў для дапамогі рэпрэсаваным у 2022 годзе, склала каля 2 мільёнаў еўра, паведаміў «Позірку» сузаснавальнік арганізацыі Андрэй Стрыжак.

Паводле яго, цяпер фонд заканчвае выплаты ў рамках маратону салідарнасці «Нам не ўсё роўна!» (BySol даручана размеркаваць 100 тысяч еўра), які прайшоў летам, і рыхтуецца да правядзення аўдыту па выкарыстанні гэтых сродкаў. «Засталося каля 13 тысяч еўра, закрыем яшчэ 26 заявак, – робім разавыя выплаты вызваленым і цяперашнім палітвязням, а таксама ім сем’ям сумай 500 еўра».– сказаў Андрэй Стрыжак. Паводле яго, пасля таго, як зробяць усе выплаты і правядуць аўдыт, BySol пачне разглядаць варыянты для запыту наступнага траншу, бо да іх увесь час звяртаюцца людзі.

Таксама Андрэй Стрыжак нагадаў пра цяперашні збор у рамках каляднай акцыі «Падорым дзецям цуд!». Паводле яго, збор праводзяць да 9 снежня, на сёння заяўкі падалі ўжо 115 сем’яў палітвязняў, якія выхоўваюць дзяцей, сабрана ўжо больш за 10 тысяч еўра.