У Гданьску прэзентавалі кнігу „Алесь Бяляцкі”
У рамках вялікага беларускага літаратурнага дня ў Гданьску, перад уручэннем прэміі імя Ежы Гедройця, у адной з бібліятэк горада адбылася прэзентацыя кнігі «Алесь Бяляцкі». У ёй распавядаецца як пра самога Нобелеўскага лаўрэата прэміі міру 2022 года, так і пра яго непасрэдную ролю ў стварэнні і дзейнасці праваабарончай арганізацыі «Вясна».
Гаворыць старшыня беларускага ПЭН-цэнтра – Тацяна Нядбай:
-Нарэшце мы даехалі да Гданьска з гэтай кнігай. Таму што тут ёсць дастаткова вялікая колькасць беларусаў, якія былі зацікаўленыя, каб паслухаць пра Бяляцкага. І, канешне, гэта для нас магчымасць пагаварыць пра Нобелеўскага лаўрэата, праваабаронцу і пра ягоную асобу, пра тое, у якой сітуацыі сёння знаходзіцца Беларусь, сфера культуры ў Беларусі. І што мы, беларусы, вымушаныя жыць у эміграцыі, можам зрабіць для Беларусі.
Алесь Бяляцкі – Нобелеўскі лаўрэат прэміі міру ад Беларусі за 2022 год. Быў арыштаваны менскім дыктатарскім рэжымам у 2021 годзе і асуджаны на 10 гадоў зняволення ва ўзмоцненым рэжыме.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя