Пісаў для дарослых і дзяцей



Беларускаму пісьменніку і перакладчыку Уладзіміру Шахаўцу (1918-1991) 26 лістапада спаўняецца 105 гадоў з дня нараджэння.

Нарадзіўся пісьменнік у сялянскай сям’і на Барысаўшчыне. У 1934 годзе пачаў працаваць рахункаводам калгаса, потым сакратаром сельсавета. У 1937 годзе ён скончыў Магілеўскі рабфак і паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, які скончыў у 1946 годзе. Падчас вайны ўдзельнічаў у партызанскім руху на тэрыторыі Беларусі, у 1945 годзе — у дзеючай арміі на Першым Украінскім фронце.

Пасля вайны Уладзімір Шахавец працаваў у “ЛіМе”, загадчыкам рэдакцыі, намеснікам галоўнага рэдактара выдавецтва «Беларусь», загадчыкам рэдакцыі выдавецтва «Мастацкая літаратура».

Першыя вершы Уладзіміра Шахаўца з’явіліся ў друку ў 1937 годзе. Аўтар зборнікаў аповесцей і апавяданняў «Землякі» (1949), «Насустрач» (1951), «Будзьце здаровы» (1955), «Пасля вяселля» (1958), «Месца ў жыцці» (1960), «Аповесці» (выбранае, 1968), «Блакітная мара» (1985), «Дарога пачыналася ў Бярозаўцы» (1990), кніг для дзяцей «Крылаты дзень» (1961), «Чорны снег» (1962), «Пісьмо да сябра» (1966), «На зімнім возеры» (1970), «Светлая раніца» (1988). У 1986 годзе выйшаў зборнік вершаў «Вяртанне». У 1978 годзе – “Выбраныя творы” ў 2 тамах.

Шмат гадоў пісьменнік займаўся перакладамі, перакладаў на беларускую мову творы рускіх, украінскіх, англійскіх, французскіх, венгерскіх, сербскіх, славацкіх аўтараў. У 1983 годзе выйшла яго кніга перакладаў «Пераклічка».

Уладзімір Шахавец быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені, медалямі. Ён меў званне “Заслужаны работнік культуры Беларусі”.

Беларускае Радыё Рацыя