Агляд тыдня



Прыгадаем падзеі і тэндэнцыі мінулага тыдня вакол Беларусі і беларусаў па ўсім свеце.

На мінулым тыдні актыўна абмяркоўвалі справу Алега Аксёнава, якога абвёў вакол пальца лукашэнкаўскі КГБ. Аксёнаў паверыў, што да яго звярнуліся з Еўрапейскай разліковай палаты, і што яму напраўду прапанавалі папрацаваць па-заштатным аўдытарам праектаў, фінансаваных з Еўразвязу.

Насамрэч з Аксёнавым працаваў лукашэнкаўскі КГБ. Шкоды Аксёнаў не нарабіў, але дапамог зрабіць гэбэшнікам ролік на БТ, маўляў, вось як мы крута працуем.

Гісторыя Алега Аксёнава прыкметная тым, што гаворка ідзе пра інфармацыйную бяспеку, важнасць якой не ўсведамляюць людзі, якія выехалі за мяжу. Маўляў, «мы па-за дасягальнасцю лукашэнкаўскіх спецслужбаў, а калі за кімсьці і палююць, то за важнымі шышкамі».

Як бачым, палююць за тым, за кім магчыма. І калі вы стварылі штосьці бяскрыўднае, кшталту гуртка саломапляцення, гэта не значыць, што вас не паспрабуюць выкарыстаць у прапагандысцкіх мэтах. Альбо праз вашы акаўнты не паспрабуюць выйсці на тых, хто падтрымлівае такія вось гурткі.


24 лістапада мы дазналіся, што ютуб-праект «Ж@па с усами» прызналі «экстремистским формированием». У гэтай навіне прыўкраснае ўсё. Я бы сказаў, што гэта лепшая навіна апошняга часу. Сам праект сатырычны, і, як вынікае з назвы, скіраваны на тэму існавання ў прасторы і часе Лукашэнкі і ягонага атачэння.

А прыўкраснае апроч назвы тое, што лукашэнкаўскія прапагандысты зрабілі вялікі піяр для праекту, які высмейвае іх – прапагандыстаў – начальства.

А вось навіна, якая дае маленькі промень надзеі. Журналістку Тацяну Пыцько выпусцілі на свабоду 22 лістапада. Яна атрымала тры гады, але вось Вярхоўны суд чамусьці вырашыў перавесці спадарыню на хатнюю хімію. У Тацяны Пыцько двое малых дзяцей. Але ж ці спыняла карную сістэму штосьці з гуманітарных фактараў?

Магчыма, маем справу з асцярожнымі дыпламатычнымі танцамі лукашыстаў у бок Захаду.


Яшчэ адна навіна, якая нясе ў сабе асцярожны аптымізм. Зноў да ўкраінскіх уладаў звяртаюцца з ідэяй разрозніваць беларусаў і лукашыстаў. Гэтым разам ужо знутры самой Украіны.

Эксперты Форуму імя Астрожскіх просяць прызначыць ва Украіне спецыяльнага прадстаўніка па Беларусі.

Ключавая фраза ў навіне наступная: «На меркаванне экспертаў, знешняя палітыка Украіны мусіць базавацца на агульных каштоўнасцях Еўразвязу».

Ад сябе дадам, што галоўная каштоўнасць Еўропы – павага да законаў і правілаў. Варта афіцыйнаму Кіеву разрозніць беларусаў і лукашыстаў, і ўсё стане на свае месцы.


20 лістапада сталася вядомым, што грамадскі актывіст і блогер Павал Вінаградаў агулам правёў у штрафным ізалятары палову году. ШІЗА – гэта малюпасенькі бетонны мяшок, дзе чалавек пазбаўлены практычна ўсяго, апроч магчымасці спаць уначы ў вельмі нязручных умовах.

Ведаю, што ў Паўла цукровы дыябет. Пры такой дысфункцыі арганізму вельмі важны штодзённы працяглы рух. Катаванне – гэта не толькі вырыванне пазногцяў, гэта часта знішчэнне здароўя чалавека праз тыя хваробы, што ўжо ёсць.

Пра большасць «топавых» зняволеных 2020 году мы дагэтуль не ведаем нічога месяцамі.


21 лістапада памерла выбітная беларуская мастацтвазнаўца Ларыса Фінкільштэйн. Спачуванні выказала вельмі шмат беларускіх творцаў. Для прафесійнай супольнасці мастакоў ды творцаў іншых жанраў Ларыса Фінкельштэйн была знакавай асобай.

Беларускае Радыё Рацыя