Менск аднаўляе дыялог па правах чалавека з Еўразвязам (абноўлена)



“Беларусь пагадзілася аднавіць дыялог па правах чалавека, які першы раз адбыўся ўвесну 2009 года, пасля чаго сумесных сустрэчаў у гэтым пытанні не было”, – пра гэта ў інтэрв’ю “Свабодзе” паведаміла кіраўніца дэлегацыі Еўразвязу ў Беларусі Майра Мора. Паводле яе, гэта можа адбыцца ўжо сёлета.

На думку сябра Праваабарончага цэнтру “Вясна” Віктара Сазонава, каб весці дыялог з беларускімі ўладамі, неабходна добра ведаць умовы краіны, ведаць, што ў ёй цяпер кіруе дыктатура. Акрамя таго, дыялог магчымы толькі ў тым выпадку, калі абодва бакі шчырыя ў сваіх памкненнях:

– Для таго, каб увогуле такі дыялог мог існаваць і меў права на жыццё, спачатку, перш, чым дыскутаваць, трэба паставіць умовы, якія гэты дыялог зробяць мажлівым. Калі Беларусь выканае некалькі нормаў, а адна з самых галоўных, – адсутнасць палітвязняў, вось тады мы пабачым рэальную рэч. Вось тады мы сядзем за стол перамоваў.

Дамоўленасць аб правядзенні дыялогу ў пытанні правоў чалавека Беларусь і Еўразвяз дасягнулі ў 2009 годзе па выніках пасяджэння Рады Еўропы на ўзроўні міністраў юстыцыі. Прадугледжвалася, што ў рамках дыялогу найменш раз у год будуць праходзіць сустрэчы, аднак ніводнай з іх так і                           не адбылося.

На думку былога палітычнага вязня Змітра Бандарэнкі, гэтая заява Моры звязана з рэзкай крытыкай на яе адрас, якая гучыць апошнім часам, Мора, таксама як і Лукашэнка, зацікаўленая толькі ў імітацыі дыялогу:

У гэтым іх інтарэсы супадаюць. Я думаю, што Майра Мора ўжо дыскрэдытавала сябе за апошнія гады, і павінен быць новы прадстаўнік Еўразвязу ў Беларусі.

Былы палітвязень таксама не верыць у дыялог афіцыйнага Менску ды Еўразвязу:

Таму што міністр унутраных спраў Шуневіч на парадзе быў у форме НКВД і гэта не проста так. Гэты чалавек удзельнічаў у допытах, і фактычна быў арганізатарам катаванняў і здзекаў над прадстаўнікамі штабоў альтэрнатыўных кандыдатаў, над кандыдатамі ў прэзідэнты. Гэта на сёння сутнасць беларускага рэжыму. Гэта такое ж спадзяванне, што Берыя можа весці дыялог па правах чалавека з захадам. Такая сёння сітуацыя. Людзі здзяйснялі фальсіфікацыі выбараў, катавалі сваіх палітычных апанентаў, гэта фактычна падпадае пад артыкул крымінальнага кодэксу пра незаконнае ўтрыманне ўлады. Людзі не адказалі за знікненні сваіх палітычных апанентаў, да якіх яны самі датычныя. Можна казаць, канешне, вось зараз дыялог распачнецца, але я асабіста ў гэта не веру, бо месца гэтых людзей – перад Гаагскім трыбуналам.

На мінулым тыдні шведскія праваабаронцы выступілі з патрабаваннем адклікаць Майру Мору з Беларусі, бо “яна дзейнічае ў парушэнне асноватворчых каштоўнасцяў і афіцыйнай палітыкі Еўразвязу”. У той жа час Мора на адным з ток-шоў пахваліла Лукашэнку за ягонае ўменне “камунікаваць з народам”, і пры гэтым не агучыла афіцыйныя патрабаванні Еўропы па вызваленні ўсіх палітвязняў, хоць у яе наўпрост спыталі, што ў цяперашняй сітуацыі перашкаджае супрацоўніцтву Еўразвязу і Беларусі.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота telegraf.by