“Ягаднае пекла”



Безумоўна, прапаганда – гэта зброя. Але часам гэтае ружжо страляе ў гаспадара. Так адбылося і з азвярэлай расейскай прапагандысткай і спявачкай Юліяй Чычэрынай. Не столькі з ёй, як з яе дапамогай: жаночая версія Ахлабысціна апублікавала відэа са свайго канцэрта пад акупаванай Крамянной Луганскай вобласці, дзе ў кадр трапіў нехта Сямён Солаваў. Акупант з пазыўным „Клён”, сапраўднае імя якога дагэтуль заставалася невядомым, быў ідэнтыфікаваны ўкраінскімі журналістамі.

Вёска Ягаднае Фота: vikna.tv

Па яго загадзе вясной 2022 года ў школьным падвале цягам месяца прымусам утрымлівалі 366 мірных жыхароў вёскі Ягаднае Чарнігаўскай вобласці. 27 дзён у цемры, цісканіне, з нястачай кіслароду, адсутнасцю лекаў, практычна без ежы, як жывы шчыт, якім вайскоўцы РФ затулялі свой штаб, пражылі і дарослыя, і дзеці. З іх дзесяць чалавек не вытрымалі нечалавечых умоў і памерлі. Яшчэ ў ліпені 2022 года журналісты „Суспільного” пачалі расследаванне і нават выпусцілі дакументальны фільм аб гэтым ваенным злачынстве, але высветліць асобу галоўнага ката – Клёна – было немагчыма.

А праз год расследаванне аднавілі пасля відэа з канцэрта Чычэрынай: ахвяры са школьнага падвала ў Ягадным апазналі акупанта. Журналістамі была праведзена тытанічная праца. Выкарыстоўвалі і праграмы штучнага інтэлекту, і працавалі пад легендай – такім чынам атрымалася стварыць камунікацыю з расейскімі вайскоўцамі і выйсці на прамы кантакт з Саловавым. Ён дагэтуль ваюе ва Украіне, але калі гаворка зайшла пра Ягаднае, адразу стаў запэўніваць, што ніколі не быў на Чарнігаўшчыне. Тым не менш, ён пракаментаваў акупацыю сяла: туды расейскія вайскоўцы зайшлі „выратаваць мясцовых жыхароў ад бандэраўцаў”.

Былыя закладнікі зараз называюць школьны падвал „Канцлагер Ягаднае”, а дзверы падвала сталі сімвалам пекла: справа на іх напісаны прозвішчы тых, хто прама тут памёр, злева – тых, каго расстралялі.

І апошні надпіс: «31 — нашы прыйшлі», то бок дата вызвалення Ягаднага. Як высветлілі журналісты, кат „Клён” жанаты і мае дачку. Відаць, яго чакаюць дома. З калыханкай ад Чычэрынай і яе аўтографам на фота з тварам асатанелага «русского мира».

Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя