ААН даставіла ў Газу найбольшы з пачатку вайны аб’ём гуманітарнай дапамогі
61 грузавік з гуманітарнай дапамогай ААН прыбыў на поўнач сектара Газа. Гэта самы вялікі абʼём, дастаўлены за суткі, ад пачатку вайны Ізраіля супраць палестынскай групоўкі ХАМАС.
У Газу прывезлі ваду, харчаванне і медыкаменты. У шпіталь «Аль-Шыфа», у раёне якога ў апошнія дні ішлі жорсткія баі, дастаўлены 11 машын хуткай дапамогі, тры аўтобусы і спецыяльная грузавая платформа для эвакуацыі. Яшчэ 200 грузавікоў з дапамогай былі накіраваныя з ізраільскай вёскі Ніцана. Большасць з іх прыбылі ў пункт прызначэння ўвечары ў суботу, 25 лістапада.
З 24 лістапада ў сектары Газа дзейнічае чатырохдзённае спыненне агню. За гэты час групоўка ХАМАС павінна перадаць Ізраілю 50 жанчын і дзяцей з закладнікаў, захопленых 7 кастрычніка. Ізраіль мае вызваліць са сваіх турмаў 150 зняволеных — жанчын і падлеткаў.
Беларускае Радыё Рацыя