Футбалісты менскага „Дынама” сталі васьміразовымі чэмпіёнамі Беларусі
Футбалісты менскага „Дынама” сталі васьміразовымі чэмпіёнамі Беларусі. У паядынку перадапошняга тура 33-га нацыянальнага першынства падначаленыя Вадзіма Скрыпчанкі разграмілі ў Бабруйску мясцовую „Белшыну” з лікам 4:0 і сталі недасягальныя для свайго адзінага канкурэнта – гарадзенскага „Нёмана”. Лідэры першынства поўнасцю дамінавалі і Аляксандр Сачыўка, Іван Бахар, Аляксей Гаўрыловіч і Данііл Зорын чатыры разы забілі бабруйчанам. Папярэдні чэмпіёнскі тытул сталічныя дынамаўцы заваявалі 19 гадоў таму – у 2004 годзе.
Даведаўшыся да гульні ў Барысаве пра чэмпіёнства менскага „Дынама”, футбалісты гарадзенскага „Нёмана” былі, вядома, моцна засмучаныя. Для іх матч з БАТЭ ўжо не адыгрываў ніякай турнірнай ролі. І ўсё ж падначаленыя Ігара Кавалевіча не захацелі, каб на іх форму ўпала хоць кропелька падазрэння. Для барысаўчан жа вынік гэтага паядынку адыгрываў вялікую ролю – „жоўта-сінія” ўсё яшчэ ў барацьбе за бронзу. І каманды прадэманстравалі хвацкі футбол, у якім было ўсё – бескампрамісная барацьба, пяць прыгожых галоў, прычым адзін – самастрэл, пяць «гарчычнікаў», два выдаленні пасля масавай бойкі. Увогуле, гледачы засталіся задаволены. БАТЭ, прайграючы падчас сустрэчы, усё ж такі здолеў адыграцца, а на 86-й хвіліне і зусім вырваў каштоўную вікторыю – 3:2.
Хакеісты менскага „Дынама” прайгралі маскоўскім аднаклубнікам у КХЛ
Хакеісты менскага „Дынама” няўдала завяршылі чарговую дамашнюю серыю ў рэгулярным чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі. Увечары нядзелі падначаленыя Дзмітрыя Квартальнава прымалі адну з лепшых каманд Захаду – маскоўскае „Дынама”. Першая сустрэча клубаў у сезоне прайшла роўна два тыдні таму таксама на „Менск-Арэне” і скончылася перамогай гасцей з лікам 2:1. Цяперашні паядынак лепш пачалі „зубры”: на дзявятай хвіліне сустрэчы лік адкрыў Раман Гарбуноў. Нажаль, развіць поспех у нашых хакеістаў не атрымалася, і гэты гол у выніку застаўся для гаспадароў адзіным у матчы. Масквічы ж закінулі двойчы ў другім перыядзе і яшчэ двойчы ў трэцім. У самым канцы гульні мінчане змаглі правесці другую шайбу, але яна была адменена пасля відэапрагляду. Фінальны лік – 4:1 на карысць „Дынама” маскоўскага.
Такім чынам, „зубры” пацярпелі шостую паразу ў сямі апошніх матчах, не набраўшы ў хатняй серыі ніводнага бала. Далей дынамаўцаў чакае чатырохматчавае гасцявое турнэ.
Баскетбалісты „МЕНСКА” прайгралі 13-ы матч у Адзінай лізе ВТБ
Баскетбалісты „МЕНСКА” без перамог правялі першы круг рэгулярнага чэмпіянату Адзінай лігі ВТБ. У сваім 13-м паядынку мінчане пацярпелі 13-е фіяска, саступіўшы на сваёй арэне краснадарскаму клубу „Лакаматыў-Кубань” 86:90. Падначаленыя Расціслава Вергуна годна змагаліся з віцэ-чэмпіёнамі „банкаўскага” турніру, але ў канцоўцы гульні больш высокі клас гасцей усё ж адбіўся, і яны здабылі сваю восьмую вікторыю ў цяперашнім турніры. Самым выніковым у складзе беларускай каманды стаў Джарэд Джэксан-Агунгбемі, які набраў 38 ачкоў. Беларускі разыгрываючы кубанскага клуба Уладзіслаў Блізнюк правёў на пляцоўцы амаль 11 хвілін і прынёс сваёй камандзе 4 ачкі.
Беларускія гандбалісткі другі раз прайгралі расейкам у Менску
Гандбалісткі зборнай Беларусі другі раз саступілі камандзе Расеі ў хатнім таварыскім матчы. На пляцоўцы менскага Дома гандбола каманда Валерыя Пяўніцкага прайграла 24:34. Пасля першай паловы сустрэчы гаспадыні саступалі 4 мячы, а да фінальнай сірэны перавага расеек дасягнула дзесяці мячоў. Самымі выніковымі ў складзе беларусак сталі Аліна Клішко і Ульяна Петрачкова, якія закінулі па 7 мячоў. У першай сустрэчы ў беларускай сталіцы расіянкі перамаглі з перавагай у чатыры галы – 32:28.
Беларускае Радыё Рацыя