„Мяшкоў Брэст“ выйшаў на першае месца ў групе А SEHA-лігі
Чэмпіён Беларусі „Мяшкоў Брэст” другі раз запар перамог ЦСКА і выйшаў на першае месца ў групе А SEHA-лігі. Пасля нядаўняй хатняй вікторыі 31:24 берасцейцы і ў Маскве аказаліся мацней за расейскага чэмпіёна, выйграўшы 25:23. Яшчэ ў адным паядынку гэтага квінтэта гандбалісты „Пермскіх мядзведзяў” на сваёй арэне разышліся мірам з „Зенітам” з Санкт-Пецярбурга – 33:33. У групе В менскі СКА другі раз запар перамог „Бусел Кітая” – 34:26. Іх першая сустрэча таксама завяршылася буйной вікторыяй вайскоўцаў – 47:26.
Чатыры беларусы згулялі ў бягучым чэмпіянаце НХЛ. Такое здарылася ўпершыню з сезона-2010/11
У сезоне-2023/24 Нацыянальнай хакейнай лігі згулялі ўжо чатыры беларускія хакеісты. У цяперашнім рэгулярным чэмпіянаце НХЛ выступалі абаронцы Уладзіслаў Калячонак („Арызона”) і Ілья Салаўёў („Калгары”), а таксама нападнікі Аляксей Протас („Вашынгтон”) і Ягор Шаранговіч („Калгары”). Адзначым, што для Салаўёва гэты сезон у НХЛ стаў дэбютным. Раней па ходу аднаго чэмпіянату ў НХЛ у сезоне-2010/11 выступалі Міхаіл Грабоўскі („Таронта”), Сяргей Касціцын („Нэшвіл”), Андрэй Касціцын („Манрэаль”) і Руслан Салей („Дэтройт”), паведамляе ФХБ.
Многія футбалісты зборнай Беларусі прапусцілі клубныя матчы з-за прастуды
Многія футбалісты зборнай Беларусі прапусцілі матчы сваіх клубаў з-за прастудных захворванняў. У гэты спіс увайшлі Сяргей Ігнатовіч („Шахцёр”), Максім Скавыш („Шахцёр”), Сяргей Паліцевіч (менскае „Дынама”), Захар Волкаў („Хімкі”), Валерый Бачароў (БАТЭ), Ягор Пархоменка („Нёман”) і Сяргей Карповіч («Нёман»).
Таксама ў матчы супраць БАТЭ не прымаў удзел Канстанцін Рудзянок – галкіпер «Нёмана» застаўся ў запасе. Паўабаронца Уладзіслаў Клімовіч прапусціў 14-ы тур чэмпіянату Венгрыі и не згуляў за свой „Д’ядзьёр”.
Шыкаўка аддаў галявую перадачу ў матчы чэмпіянату Польшчы
У паядынку 16-га тура чэмпіянату Польшчы „Карона” на выездзе згуляла ўнічыю з „Рухам” 1:1. У складзе гасцей беларускі форвард Яўген Шыкаўка выйшаў на поле на 62-й хвіліне, а ў дададзены час аддаў галявы пас. Яго каманда з 17 баламі займае 14-е месца. У 15 матчах сезона форвард забіў два мячы, аддаў адну галявую перадач
Белінгем першым у гісторыі «Рэала» забіў 14 мячоў у першых 15 матчах за клуб
Мадрыдскі „Рэал” разграміў „Кадыс” у матчы чэмпіянату Іспаніі – 3:0. Адзін з мячоў на рахунку ангельскага паўабаронцы «сметанковых» Джуда Белінгема. Для 20-гадовага футбаліста гэта 14-ы мяч у гэтым сезоне, калі ўлічваць усе клубныя афіцыйныя турніры. Гэта столькі ж, колькі Джуд забіў за ўвесь мінулы сезон у дортмундскай «Барусіі». Акрамя гэтага паўабаронца паставіў рэкорд па колькасці галоў у першых 15 матчах за клуб. Па гэтым паказчыку ён пераўзыйшоў Дзі Стэфана і Раналду.
Тэнісісты Італіі другі раз у гісторыі сталі ўладальнікамі Кубка Дэвіса
Тэнісісты зборнай Італіі другі раз у гісторыі сталі ўладальнікамі Кубка Дэвіса – галоўнага каманднага турніру сярод мужчын. У вырашальным матчы за ганаровы трафей у іспанскай Малазе італьянцы абыгралі каманду Аўстраліі з лікам 2:0. Лідэр італьянскай каманды Янік Сінэр разграміў у дзвюх партыях Алекса дэ Мінаўра – 6:3, 6:3, а Матэа Арнальдзі адолеў у трохсэтавым паядынку Аляксея Папырына – 7:5, 2:6, 6:4. Упершыню каманда Італіі заваявала Кубак Дэвіса ў 1976 годзе. Акрамя таго, італьянцы яшчэ 6 разоў саступалі ў фінальных матчах.
Беларускае Радыё Рацыя