Аўтар рамана “Сустрэнемся на барыкадах”



Адзін з папулярных паэтаў і празаікаў былой Заходняй Беларусі Піліп Пестрак (1903-1978), якому 27 лістапада спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэння, сёння ў Беларусі амаль забыты.

А гэта быў таленавіты пісьменнік, мужны і вясёлы чалавек. Ён з’яўляўся заслужаным дзеячам культуры Беларусі, а ў 1964 годзе за раман “Серадзібор” атрымаў рэспубліканскую Дзяржаўную прэмію імя Якуба Коласа. А яшчэ Піліп Пестрак напісаў і выдаў шмат кніг паэзіі, прозы, раман “Сустрэнемся на барыкадах”, паэму “Слова пра Мінск” і шмат іншых. Дарэчы, ці не адзіны гэта быў беларускі літаратар, які пры жыцці тады выдаў свой збор твораў у 4-х тамах.

Піліп Пестрак амаль 11 гадоў за сваю рэвалюцыйную дзейнасць адсядзеў у 1930-х гадах у польскіх турмах. А ў 1939 годзе, калі на заходнія землі Беларусі прыйшлі саветы, яго адразу абралі дэпутатам Народнага сходу Заходняй Беларусі ў Беластоку.

Нарадзіўся Піліп Пестрак у вёсцы Сакоўцы ў сённяшнім Івацэвіцкім раёне. Меў псеўданімы: П. Гайдук; Звястун; П. Звястун. Падчас Першай сусветнай вайны сям’я Піліпа Пестрака знаходзілася ў бежанстве ў Самарскай губерні, дзе будучы пісьменнік атрымаў сярэднюю адукацыю. А ў 1920 годзе ён паступіў на сацыяльна-гістарычны факультэт Самарскага ўніверсітэта. Але ў 1921 годзе разам з бацькамі вярнуўся ў сваю Заходнюю Беларусь.

У 1921-1924 гадах Піліп Пестрак працаваў лесніком Косаўскага лясніцтва. Потым служыў у Войску Польскім. У 1926 годзе ўступіў у БСРГ, з 1927 года – сакратар Косаўскага падпольнага райкама КПЗБ. Быў арыштаваны польскімі ўладамі ў 1929 годзе, зняволены ў Гродзенскай турме да 1933 года. Пасля вызвалення з’яўляўся інструктарам ЦК КПЗБ па Пінскай акрузе, але ў 1934 годзе яго зноў арыштавалі. Сядзеў у турмах Пінска, Вільні, Гродна. Вызвалены савецкімі ўладамі пасля паходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь у верасні 1939 года.
Дэбютаваў Піліп Пестрак у друку ў 1926 годзе ў часопісе “Родныя гоні”. Падчас зняволення ў 1929-1939 гадах змяшчаў вершы ў нелегальным рукапісным часопісе “Краты”, які выдаваўся палітвязнямі. У 1940 годзе з друку выйшаў яго першы зборнік вершаў “На варце”. Тэме барацьбы ў Заходняй Беларусі прысвяціў раман “Сустрэнемся на барыкадах”, а раман “Серадзібор” адлюстраваў жыццё беларускай вёскі.

Піліп Пестрак выступаў і як літаратурны крытык, публіцыст, жыва адклікаўся на важнейшыя падзеі грамадскага і літаратурнага жыцця, ён заўсёды верыў у сілы чалавека.

Надзвычай уважліва ставіўся пісьменнік да маладых літаратараў, падтрымліваў іх творчыя пачынанні. Яго агляды паэзіі маладых, рэцэнзіі на першыя зборнікі вызначаліся не толькі дакладнасцю ацэнак, але і добразычлівасцю, глыбокай заклапочанасцю лёсам роднай літаратуры.

Беларускае Радыё Рацыя