Зварот удзельнікаў мітынга „Дзень Беларускіх Герояў у Варшаве”
ЗВАРОТ
удзельнікаў мітынга „Дзень Беларускіх Герояў у Варшаве” да беларускіх і міжнародных праваабарончых арганізацый:
Мы пратэстуем супраць сістэмнага заніжэння колькасці палітвязняў у Беларусі. У Беларусі, па інфармацыі незаконнага лукашэнкаўскага генеральнага пракурора, ўзбуджана 16 тысячаў крымінальных справаў за так званы экстрэмізм. Гэтая жахлівая лічба ўказвае на заніжэнне афіцыйна прызнанай колькасці палітвязняў у Беларусі, – каля 1,5 тысячаў.
Мы заклікаем пазбавіцца сістэмных памылак пры вызначэнні статуса палітвязняў! Заклікаем зняць крытэры, якія прыраўноўваюць тэрарыстаў з КГБ, ГУБАЗіКа і іншых сілавых структураў незаконнага лукашэнкаўскага рэжыма да праваахоўнікаў цывілізаванага свету.
Заклікаем вызнання палітвязнямі ўсіх катэгорый палітвязняў, у т.л. і тых, хто трапляе пад так званую „хатнюю хімію”.
Заклікаем не аддаваць на адкуп родным палітвязняў вызначэнне іх статуса. Бо сем’і палітвязняў знаходзяцца пад ціскам спецслужбаў рэжыму.
Толькі праўда і галоснасць могуць спыніць тэрор і рэпрэсіі ў Беларусі.
Будзьма ў праўдзе! Свабоду палітвязням! Жыве Беларусь!
Варшава 26.11.2023 г.
РЭЗАЛЮЦЫЯ
ўдзельнікаў мітынга «Дзень Беларускіх Герояў у Варшаве».
Мы, удзельнікі мітынга ў Варшаве, заяўляем, што сёння незаконная ўлада ў Беларусі робіць выклік еўрапейскім каштоўнасцям, кідаючы ў турмы тысячы палітзняволеных, забіваючы і катуючы сваіх палітычных апанентаў. Так званыя ўлады не саромеюцца называць сваёй мэтай знішчэнне грамадзянскай супольнасці, падкрэсліваючы, што ўладам у Беларусі – “не да законаў”, што яны, улады, служаць імперскай Расіі.
Практычна ў Беларусь вярнулі сталінскія часы, што падкрэслівае кожны факт палітычных рэпрэсій, у тым ліку і выракі, – калі аднаму з лідараў Саюза палякаў Беларусі Анджэю Пачобуту карнікі прызначылі 8 гадоў турмы, а Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага засудзілі да 10 год зняволення. На вялізныя тэрміны былі асуджаныя лідары апазіцыі Мікалай Статкевіч, Павел Севярынец, старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў, і яшчэ тысячы і тысячы іншых беларускіх палітвязняў.
Мы патрабуем вызвалення ўсіх беларускіх палітвязняў, што немагчыма без увядзення жорсткіх санкцый супраць рэжыма Лукашэнкі і яго гаспадароў у Маскве. Мы падтрымліваем складанне спіса беларускіх палітвязняў, якія мусяць быць вызваленыя ў першую чаргу, жыццю і здароўю якіх існуе найбольшая пагроза за кратамі.
Мы заклікаем міжнародную супольнасць не забывацца пра Беларусь. Памятаць, што Беларусь – гэта не бандыцкая незаконная ўлада рэжыма Лукашэнкі, а – беларускі народ , які пазбаўлены элементарных правоў і свабодаў з 1996 года.
Мы звяртаемся таксама да ўсіх беларусаў, асабліва тых, хто па палітычных прычынах аказаліся за межамі Радзімы: нагадвайце, што такога тэрора і рэпрэсій Еўропа не бачыла апошнія 50 гадоў, што ў Беларусі – гуманітарная катастрофа, працягвайце акцыі салідарнасці, уздымайце свой голас за нашых герояў-палітвязняў, выкарыстоўваючы для гэтага любую магчымасць.
Беларусь – гэта Еўропа! Жыве Беларусь!
Варшава 26.11.2023.