Сяргей Абламейка: Лепш казаць „Беларуска-савецкая вайна“, а не „Слуцкі збройны чын“
27-га лістапада – Дзень герояў, калі беларусы ўшаноўваюць слуцкіх змагароў, якія 35 дзён у колькасць сама меней 4000 чалавек, змагаліся за БНР супраць бальшавікоў у 1920 годзе. Гісторык Сяргей Абламейка прапануе адмовіцца ад назвы «Слуцкі збройны чын» і называць тыя падзеі Беларуска-савецкай вайной і падае свае аргументы:
— Я не лічу гэта часткай польска-савецкай вайны. Гэта адбылося ў часе той вайны, але мы ж свой слуцкі чын называем асобнай рэччу.
Тры гады назад я рабіў інтэрв’ю з гісторыкам Нінай Стужынскай, якая пісала кнігу пра збройны супраціў беларусаў у 20-я гады 20-га стагоддзя. Слуцкае паўстанне – гэта адзін толькі з эпізодаў гэтай вялікай збройнай барацьбы.
Мы прыйшлі да высновы, што гэта не можа быць паўстаннем, таму што паўстанне адбываецца на тэрыторыі, якую кантралюе нейкая сіла.
Ці гатовая Рада БНР да перайменавання ўжо традыцыйнага Слуцкага збройнага чыну ў «Беларуска-савецкую вайну», кажа сакратар Рады БНР Алесь Чайчыц:
— Слуцкі збройны чын – гэта традыцыйная назва, якая выкарыстоўваецца ў беларускай дыяспары.
Наша прынцыповая пазіцыя ў тым, што мы стаім на той спадчыне, якую нам перадалі нашыя папярэднікі 70-100-гадовы даўніны.
Пытанне на роўне рады БНР не абмяркоўвалі. Калі казаць пра маю асабістае меркаванні, мне здаюцца аргументы, прыведзеныя панам Абламейкам, даволі пераканаўчымі. Я быў бы, напэўна, за такі варыянт.
Выкарыстанне слова «вайна» ў дачыненні да Слуцкага збройнага чыну безумоўна падкрэсліла б дадаткова той факт, што гэта быў міждзяржаўны збройны канфлікт.
Вядома, што ў 1920-я гады паўстанні назіраліся па ўсёй Беларусі, як і на Случчыне. Напрыклад, была створаная Койданаўская Рэспубліка, быў захоплены Барысаў. Мелі месца пратэсты на Ігуменшчыне, там былі скінутыя савецкія ўлады. Падзеі на Случчыне сталі кульмінацыяй гэтага пратэсту беларусаў супраць «рыжскага міру».
Беларускае Радыё Рацыя