Агляд прэсы: Чаканне як стратэгія
Арменія праігнаравала саміт АДКБ у Менску. Ізраіль і ХАМАС: ці працягнецца рэжым спынення агню? Забастоўка па ўсёй Чэхіі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
На мінулым тыдні ў Менску прайшоў саміт Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) – абароннага альянсу шасці дзяржаў СНД. Прэм’ер-міністр Арменіі Мікол Пашынян на сустрэчы не прысутнічаў. У той жа самы час ён пакуль не аб’яўляў аб выхадзе краіны з альянсу, у якім дамінуе Расея і якая праявіла бяздзеянне ў карабахскім канфлікце. Расейскае выданне Камерсант пакуль не бачыць прыкмет таго, што робяцца вырашальныя крокі.
«Дакладней, Арменія не вырашаецца. Пазіцыя Крамля не падкупляе навізной: нам альтэрнатывы няма, Захад далёка, а мы блізка. У былых партнёраў і без Арменіі праблем хапае, нікуды вы ад нас не падзенецеся. У Расеі армян больш, чым у самой Арменіі, і гэтак далей і да таго падобнае. Сапраўды, Пашынян і не спяшаецца спальваць масты. Мабыць, чакае, што будзе далей, у які бок ківач можа схіліцца. Мусіць, усё залежыць ад таго, як будуць развівацца далейшыя падзеі вакол Украіны», – прагназуе расейскае незалежнае выданне.
З пятніцы і да раніцы аўторка ўключна паміж Ізраілем і радыкальнай ісламісцкай групоўкай ХАМАС будзе дзейнічаць рэжым спынення агню. На працягу першых трох дзён часовага перамір’я палестынскія баевікі паводле дамоўленасці вызвалілі шэраг закладнікаў, а Ізраіль у абмен выпусціў з турмаў некаторую колькасць палестынцаў, якія знаходзіліся там. Як у самім Ізраілі, так і за мяжой у адрас ізраільскага ўрада раздаецца ўсё больш заклікаў падоўжыць рэжым спынення агню. На думку швейцарскай газеты Neue Zürcher Zeitung, стратэгію ў любым выпадку давядзецца мяняць.
«Тактыка масіраванага разбурэння ўжо дасягнула сваіх межаў. Чым больш разбурэнняў у сектары Газа, чым вышэй колькасць ахвяр сярод грамадзянскіх, тым верагодней небяспека таго, што з попелу ХАМАС паўстане яшчэ больш радыкальнае пакаленне тэрарыстаў. Бескампрамісны ваенны падыход на нейкі час, можа, і прыглушыць небяспеку тэрору, але ў доўгатэрміновай перспектыве ён не забяспечыць ні большай бяспекі Ізраілю, ні перспектыў для сектара Газа», – адзначае швейцарскае выданне.
Мінулы панядзелак прафсаюзы Чэхіі аб’явілі днём шырокага пратэсту. Яго галоўнай акцыяй стане аднагадзінная папераджальная забастоўка супраць урадавага пакета мер жорсткай эканоміі і запланаваных рэформ у сферы адукацыі. Большасць школ у гэты дзень будзе зачынена. Страйк, які, паводле слоў прафсаюзаў, стане найбуйнейшай забастоўкай з 1989 года, атрымаў розную ступень адабрэння з боку аглядальнікаў. Пражская газета Mladá fronta раскрывае падаплёку.
«Пасля двух гадоў знаходжання ва ўладзе урад сутыкнуўся з дагэтуль нябачаным выпрабаваннем: забастоўкай настаўнікаў, работнікаў вытворчасці, транспарту, а цяпер і аховы здароўя. Зніжэнне рэальнай заработнай платы ў Чэхіі было самым значным сярод усіх развітых краін АЭСР, і адкінула нас на шэсць гадоў таму. Мы зарабляем на ўзроўні 2017 года, а кошты на тавары і паслугі выраслі ў разы – з-за імклівай інфляцыі. І тут урад вырашыў правесці ў жыццё меры, у эфектыўнасці якіх часам не перакананыя нават тыя, хто іх праштурхоўвае», – наракае чэшскае выданне.
Пакуль незразумела, хто сфармуе новы ўрад Нідэрландаў пасля перамогі на выбарах правага папуліста Герта Вілдэрса і яго Партыі свабоды. Еўрапейская прэса разглядае поспех правага папуліста ў кантэксце агульнай тэндэнцыі, і разважае аб тым, што ўсё гэта абяцае ў плане маючых адбыцца ў 2024 годзе выбараў у Еўрапарламент. «Наўрад ці Вілдэрс надоўга ўтрымаецца ва ўладзе», – мяркуе парыжская газета Le Figaro.
«Нягледзячы на паразу Трампа, выгнанне Борыса Джонсана і банкруцтва ПіС у Польшчы, перамога Герта Вілдэрса – гэта яшчэ адзін доказ таго, што хваля папулізму, якая падсілкоўваецца падвойным – эканамічным і міграцыйным – крызісам, не спадае і спрыяе доўгатэрміновай перакройцы палітычнага ландшафту. З іншага боку, пераход ад перадвыбарчага папулізму да папулізму на ўрадавым узроўні – гэта па-ранейшаму вельмі складанае раўнанне: за выключэннем Віктара Орбана, да гэтага часу ніводнаму папулісту не ўдалося надоўга затрымацца ва ўладзе. Будучыня Герта Вілдэрса будзе залежаць ад таго, ці здолее ён сфарміраваць урад і большасць, якая абапіралася б не толькі на яго электарат, але на больш шырокую базу, пры гэтым не пакінуўшы ўласны электарат у каляіне», – адзначае французскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка