Гомельскі ВРЗ дагнаў „Вітэн” у табліцы чэмпіянату Беларусі па міні-футболе



Спартоўцы ВРЗ перамаглі БЧ у гомельскім дэрбі чэмпіянату Беларусі па міні-футболе. Сустрэча двух прынцыповых супернікаў, як і чакалася, прайшла ва ўпартай барацьбе, але ў выніку ВРЗ здолеў выйграць з перавагай у тры мячы – 4:1. Па галявому дублю аформілі Дзмітрый Лось і Яўген Клачко, у складзе БЧ вызначыўся Філіп Крукаў. Пасля гэтай вікторыі ВРЗ набраў 24 ачкі і дагнаў аршанскі „Вітэн”, які ў хатнім паядынку разграміў менскі „Дарожнік” з лікам 10:4. У гэтай гульні 6 галоў забіў лепшы бамбардзір 35-га нацыянальнага першынства Уладзімір Разуванаў, у актыве якога зараз 20 забітых мячоў. Лідары турніру чэмпіёны краіны спартоўцы „Сталіцы” абыгралі на сваёй арэне берасцейскі „Меркурый-ДМК” з лікам 6:1. Аўтсайдэр спаборніцтваў светлагорскі ЦКК пасля нічыі з гарадзенскім „УУС-Дынама” 1:1 святкаваў сваю першую перамогу, адолеўшы сталічны клуб „Ахова-Дынама” – 5:4. „Мінск” пасля двух паразаў і нічыі выйграў у „Барысава-900” з лікам 5:1. Адзіная нічыя ў 11-м туры была зафіксавана ў гульні сталічнага „Дынама-БНТУ” і гарадзенскага „УУС-Дынама” – 3:3.

Сяргей Ціханоўскі застаецца ў «Славіі»

33-гадовы паўабаронца Сяргей Ціханоўскі падпісаў новую дамову з мазырскай «Славіяй», паведамляе прэс-служба клуба. Сяргей прыйшоў у клуб у сакавіку. Паўабаронца правёў за ФК „Славія-Мазыр” 21 афіцыйны матч.

Контэ зноў узначаліць «Ювентус»

Былы галоўны трэнер «Ювентуса» Антоніа Контэ можа зноў узначаліць турынскі клуб. Як паведамляе Radio Radio, італьянскі спецыяліст ужо дамовіўся з кіраўніцтвам „старой сіньёры” па ўмовах пагаднення, якое ўступіць у сілу пасля заканчэння сезона. У «Юве» Контэ зменіць на пасадзе галоўнага трэнера Масіміліяна Алегры. Нагадаем, апошнім месцам працы Антоніа Контэ быў «Тотэнхэм». Там ён працаваў з 2021 па 2023 год. За сваю трэнерскую кар’еру Контэ выйграў восем тытулаў: пяць – з «Ювентусам», адзін – з «Інтэрам» і яшчэ два – з «Чэлсі».
На дадзены момант „Ювентус” займае другое месца ў турнірнай табліцы чэмпіянату Італіі, набраўшы 30 ачкоў.

„Вашынгтон” з Протасам капітуляваў перад аўтсайдарам

У рэгулярным чэмпіянаце НХЛ „Вашынгтан” у Каліфорніі саступіў 1:2 „Сан-Хасэ”, які замыкае турнірную табліцу. Беларускі нападнік «Кэпіталз» Аляксей Протас бамбардзірскіх балаў не набраў, правёў на пляцоўцы 12 хвілін 45 секунд, вызначыўся адным кідком, заблакаваў адзін кідок супернікаў і завяршыў сустрэчу з паказчыкам карыснасці 0.

Менскае «Дынама» адправіцца на выезд без Суворава, Кадолы і Звягіна

Апублікаваны склад менскага «Дынама» на выязную серыю на Далёкі Усход. Каманда адправілася па маршруце Масква – Хабараўск – Уладзівасток – Навасібірск. З камандай не паехалі Данііл Ліпскі, які камандзіраваны ў «Дынама-Шыннік» і хутка прыме ўдзел у Кубку Выкліку МХЛ. Арсеній Брынкман камандзіраваны ў фарм-клуб „Дынама-Маладэчна”. У фарм-клубах таксама знаходзяцца Мікіта Жыхараў, Валянцін Дземчанка, Ягор Клаўдзіеў, Сцяпан Звягін, Канстанцін Валочка, і Ціхан Чайка. Уладзіслаў Кадола і Аляксандр Сувораў засталіся ў Менску па медыцынскіх паказаннях, зазначае прэс-служба «зуброў». Наперадзе ў каманды чатыры матчы. 29 лістапада – у Маскве супраць ЦСКА, 1 снежня – у Хабараўску супраць „Амура”, 3 снежня – ва Уладзівастоку супраць „Адмірала”, 5 снежня – у Навасібірску супраць „Сібіры”.

Арына Сабаленка назвала турнір, з якога для яе пачнецца 2024 год

Са слоў Сабаленкі, яна вельмі рада пачаць свой аўстралійскі сезон у Брысбене. Аўстралія займае асаблівае месца ў яе сэрцы пасля таго, як выйграла там свой першы турнір „Вялікага шлема”. Сабаленка хоча дэбютаваць на турніры ў Брысбене і згуляць перад тэніснымі фанатамі Квінсленда. „У мінулым гэты турнір прыцягнуў шмат добрых гульцоў, спадзяюся, што ён падрыхтуе мяне да яшчэ аднаго паспяховага лета”, – цытуе Арыну прэс-служба арганізатараў. Brisbane International пачнецца 31 снежня і працягнецца да 7 студзеня.

Беларускае Радыё Рацыя