Хто з’ехаў у Еўропу, а хто прыедзе з Расеі



У спрыяльных умовах для малога бізнесу беларус з Расеі заменіць з’ехалага на захад.

Беларускі эканамічны эмігрант. Ілюстрацыйны здымак

Чарговы раз пачуў прагноз, што большасць з’ехалых з Беларусі не вернецца ў краіну. І што, маўляў, гэта кепска.

Я прапаную паразважаць пра беларусаў Расеі.

Тэма Расеі была фактычна забароненая ў беларускім аналітычным асяроддзі. Наўскідку я прыгадаю перадковідную лічбу ў каля мільёна жыхароў Беларусі, якія стала знаходзіліся на тэрыторыі Расеі на заробках. Важная дэталь – не мільён эмігрантаў, а мільён тых, хто адначасна выехаў з Беларусі ў Расею.

Спрошчана кажучы, мой сябра тры тыдні ў Маскве працуе прамысловым альпіністам, пасля два тыдні ён у Менску з сям’ёю.

Беларусы ў Расеі могуць пэўны час знаходзіцца без рэгістрацыі, таму падлічыць маштаб чаўночнай міграцыі досыць цяжка. Але заўважу, што ў 2020-22 гадах праз ковідную расейскую мяжу нелегальна з Беларусі сыходзілі тысячы «палітычных» – разам з дзясяткамі тысяч чаўночных беларускіх рабацяг.

Пра названую з’яву будуць яшчэ мастацкія фільмы і афіцыйная статыстыка. Але расейскія нелегальныя перавозчыкі разам з падкупленымі памежнікамі зарабілі мільёны і мільёны даляраў.

У кантэксце нашага супольнага ўглядання ў будучыню тут і цяпер на мой погляд важна адзначыць, што спецыялісты розных відаў занятку з’язджалі не толькі на Захад ці на Поўдзень.

Беларусы ціха сядзяць у Расеі, і фактычна насалоджваюцца сваім станам. А менавіта. У расейскае войска іх не забяруць, а лукашэнкаўскія калектыўныя «губазікі» да іх не дацягнуцца.

Мы не можам цяпер прагназаваць ці будзе знішчаная крамлёўская, а разам з тым лукашэнкаўская, рэальнасць.

Але мы дакладна можам выказаць здагадку, што ў выпадку калі ў Беларусі з’явіцца адносна дэмакратычны парадак, шмат хто з нашых суайчыннікаў вернецца ў Беларусь.

Асабліва калі будзе выразна бачна, што Расейская Федэрацыя – гэта «Тытанік».

Я ўпэўнены, што з Расеі на радзіму вернуцца і майстрыцы манікюру, і плітачнікі-аддзелачнікі, і лекары, і пекары.

І традыцыйна для абмеркавання тэмы больш ці менш вымушаных эмігрантаў падкрэслю, што 350 000 з’ехалых з Беларусі ад 2020 году – гэта не так шмат, каб разбурыць структуру грамадства.

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя