Яўген Валошын пра канферэнцыю „Шлях да Волі”
У Кіеве адбылася канферэнцыя „Шлях да Волі”.
На месцы падзеі знаходзіўся наш карэспандэнт Яўген Валошын.
РР: Падчас канферэнцыі было падпісана паразуменне, нечаканае крыху.
Яўген Валошын: Ёсць нюансы з гэтым падпісаннем. Я з’яўляўся мадэратарам дзвюх такіх панэляў. У тым ліку гэтай ключавой, дзе адбывалася падпісанне. Усё адбывалася на маіх вачах.
РР: Якія?
Справа ў тым, што былі падрыхтаваныя два дакументы. Адзін называецца „Адозва да вольных народаў свету”. Другі „Мемарандум па выніках канферэнцыі”. Вось падпісанне гэтых дакументаў мусіла сведчыць пра пачатак кансалідацыі беларускіх дэмсілаў. Вы ведаеце, працэсы якіх ужо мінімум 18 апошніх гадоў не было ў гісторыі Беларусі. Тут пачаліся пэўныя непаразуменні. Справа ў тым, што гэтыя дакументы цягам двух месяцаў рыхтаваліся аргкамітэтам, куды ўваходзілі галоўныя суб’екты беларускіх дэмакратычных сілаў.
Апроч палка Каліноўскага, пад эгідай якога арганізоўвалася гэтая канферэнцыя, Офіс Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінет, Каардынацыйная рада, а таксама Нацыянальны вызвольны рух „Вольная Беларусь”. Дык вось Аб’яднаны пераходны кабінет і Офіс Ціханоўскай не выслалі на гэтую канферэнцыю такіх вось на сто адсоткаў легітымных прадстаўнікоў арганізацыйнага камітэту. Прадстаўнікі ад гэтых двух суб’ектаў падпісалі на маіх вачах абодва гэтыя дакументы. Але гэтае падпісанне можна трактаваць і так і не.
Арганізатары канферэнцыі прапанавалі варыянт, у найбліжэйшыя дні ўсё ж такі падпісаць гэтыя дакументы, выслаць афіцыйныя лісты, што так, на сто адсоткаў пацвярджаем, што мы далучаемся, мы падпісваем гэтыя дакументы. Калі гэта будзе зроблена, то можна канстатаваць, што працэс кансалідацыі беларускіх дэмсілаў на справе пачаўся. Калі гэтага не будзе зроблена, то гэта проста фікцыя.
Беларускае Радыё Рацыя