Беларусам абяцалі тройчы павысіць пенсіі. Ці выканалі абяцанне?



На 2023 год беларусам абяцалі тройчы павысіць працоўныя пенсіі. Пра гэта заяўляў раней Аляксандр Лукашэнка. Гэтыя выплаты сёлета паднялі ўжо двойчы — у траўні і верасні. Чытач “Зеркало” як фізічная асоба спытаў у Мінпрацы, ці будзе сёлета трэцяе павышэнне працоўных пенсій. Там адказалі, што не будзе. “У снежні памер пенсій будзе ў тым самым памеры, што і ў лістападзе”, — адзначылі ў ведамстве.

Нагадаем, у канцы снежня мінулага года Аляксандр Лукашэнка заяўляў, што ў 2023 годзе працоўныя пенсіі збіраюцца павысіць тройчы, як і ў 2022. Сёлета працоўныя пенсіі павышалі з 1 траўня і 1 верасня. Пры гэтым абяцаюць, што ў наступным годзе ў сярэднім пенсіі па ўзросце плануюць павысіць на 15 працэнтаў.

У Берасці прадаюць сувенірную фабрыку па вытворчасці матрошак

Берасцейскія ўлады выставілі на продаж фабрыку сувеніраў “Славянка”. Аб’ява з’явілася на сайце “Брэстаблмаёмасці”, піша Office Life.

Сувенірная фабрыка “Славянка” пачала сваю працу яшчэ ў 50-х гадах, на аўкцыён жа выставілі будынкі 1960-70-х гадоў. Адметнасцю прадпрыемства былі асаблівыя матрошкі, якія называлі берасцейскімі. У савецкі час гэтыя сувеніры адпраўлялі на экспарт у 17 краін, у тым ліку ў Вялікабрытанію, Францыю і ЗША. Але ў 2020 годзе фабрыка “Славянка” спыніла сваё існавання, а берасцейскіх матрошак стала вырабляць іншае прадпрыемства.

За комплекс будынкаў фабрыкі просяць прыкладна 838 тысяч даляраў у эквіваленце. Таргі стартуюць 26 снежня, а прадаўцом выступае Слонімская фабрыка мастацкіх вырабаў.

Ад дыскаўнтэраў патрабуюць прадаваць больш беларускіх тавараў

Дыскаўнтэры і крамы нізкіх цэн, якія працуюць у Беларусі, павінны прадаваць больш тавараў беларускай вытворчасці. Такое патрабаванне агучыў міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Аляксей Багданаў на сустрэчы з прадстаўнікамі гандлёвых сетак, піша “Еўрарадыё”.

Багданаў спачатку распавёў пра вынікі маніторынгу, які МАРГ праводзіў цягам апошніх двух месяцаў, і пра выяўленыя парушэнні. Прэтэнзій дзве: гэта продаж тавараў са скончанымі тэрмінамі прыдатнасці і невыкананне асартыментнага пераліку. Як адзначылі ў міністэрстве, “падчас прынцыповага дыялогу” міністр паставіў задачы ліквідаваць парушэнні і пашырыць асартымент “якаснай айчыннай прадукцыі”.

У якіх краінах свету самая высокая інфляцыя

Сёлета ў шматлікіх краінах свету інфляцыя працягвае заставацца на высокім узроўні. Паводле дадзеных Trading Economics, самы высокі ўзровень інфляцыі назіраецца ў Венесуэле. Гадавая інфляцыя ў гэтай паўднёваамерыканскай дзяржаве склала 317,6% (дадзеныя на верасень). І гэта пры тым, што гадавы рост цэн у Венесуэле замарудзіўся ў параўнанні з ранейшымі месяцамі, бо ліпені і жніўні гэты паказчык складаў 398 і 394 працэнты адпаведна.

Таксама высокая інфляцыя ў Аргенціне, па стане на кастрычнік – амаль 143 працэнты ў гадавым вымярэнні. Даволі кепская сітуацыя ў Ліване, Турцыі, Іране, Егіпце, Пакістане ды іншых краінах.

Што тычыцца Беларусі, то афіцыйна гадавая інфляцыя ў кастрычніку склала 3,7%. У Польшчы – 6,6%, ва Украіне – 5,3%, у Літве – 2,8%, у Расеі – 6,7%.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота з адкрытых крыніц.