Прэмія імя Кшыштафа Міхальскага для беларускіх журналістаў у выгнанні



Маю вялікі гонар паінфармаваць пра тое, што Амбасадай Аўстрыі ў Варшаве аб’яўлены прыём заявак да ўдзелу ў конкурсе на атрыманне «Прэміі імя Кшыштафа Міхальскага для беларускіх журналістаў у выгнанні». Як сябра Апякунскай Рады Прэміі па просьбе Амбасадара Аўстрыі ў Варшаве Андрэаса Стадлера хачу данесці гэтую інфармацыю да ўсіх зацікаўленых.
У перыяд жорсткага падаўлення дэмакратычных памкненняў у Беларусі як ніколі важная самаадданасць мужных журналістаў і выкрывальнікаў. Яны праліваюць святло на праўду і тым самым робяць жыццёва важны ўнёсак у станаўленне грамадзянскай супольнасці і будучай дэмакратыі ў Беларусі. Іх імкненне заахвочваецца прэміяй, прысвечанай польскаму дэмакратычнаму актывісту і філосафу Кшыштафу Міхальскаму.

Матэрыялы прымаюцца ў 3 катэгорыях:
– аналітычная журналістыка, якая паказвае ролю беларускай палітыкі ў міжнародным кантэксце;
– журналісцкае расследаванне, звязанае з Беларуссю;
– малады талент: для аўтараў да 30 гадоў (патрабуецца не менш за 1 год журналісцкай працы).

Умовы ўдзелу:
– беларускі аўтар(ы) у эміграцыі;
– матэрыялы павінны быць апублікаваныя пасля лета 2020 г.: артыкулы, блогі, друкаваныя або анлайн (3 000–30 000 знакаў) матэрыялы, аўдыё- і відэаматэрыялы (5 хв. – 1 г.);
– абавязкова наяўнасць перакладзенай версіі/пашыранага рэзюмэ (EN);
– ад аднаго аўтара можа быць прыняты толькі адзін матэрыял (дадаткова прыкладаецца спіс іншых публікацый аўтара і кароткая біяграфія).

Сумарны прызавы фонд прэміі складае 30 000 еўра (3 катэгорыі па 10 000 еўра).
Рашэнне аб уручэнні прэміі будзе прымацца аўтарытэтным незалежным журы, у склад якога ўвойдуць вядомыя прадстаўнікі журналісцкай супольнасці, супрацоўнікі пасольстваў, сябры Апякунскай Рады Прэміі.

Заяўкі прымаюцца на адрас [email protected] з пазнакай у тэме ліста «Прэмія для беларускіх журналістаў». Пераможцы будуць апавешчаныя па электроннай пошце. Цырымонія ўзнагароджання адбудзецца ў Варшаве ў 2024 годзе. Спонсар: STRABAG SE.

Прыём заявак на атрыманне Прэміі імя Кшыштафа Міхальскага для беларускіх журналістаў у выгнанні адкрыты да 4 снежня.

Павел Латушка, кіраўнік НАУ, намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінету