Агляд прэсы: Прагрэсу недастаткова
Памежнікі Польшчы, Літвы і Латвіі суткі не фіксавалі парушэнняў на мяжы з Беларуссю. Перспектывы для абароны клімату. Румынія: карупцыя падчас закупак вакцыны ад ковіда. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«Памежнікі Польшчы, Літвы і Латвіі суткі не фіксавалі парушэнняў на мяжы з Беларуссю – магчыма, упершыню з пачатку крызісу», – паведамляе нямецкае выданне службы DW.
«За сераду, 29 лістапада памежныя службы ў сваіх зводках не ўказалі ніводнай спробы мігрантаў парушыць мяжу з боку Беларусі. Для кожнай з краін такія суткі бывалі і раней, але, паводле папярэдніх звестак, упершыню з пачатку міграцыйнага крызісу мяжа з ЕЗ зусім не парушалася. Яшчэ суткі не выяўлена ніякіх асоб, якія спрабуюць нелегальна патрапіць з Беларусі ў Польшчу, – гаворылася ў паведамленні Памежнай аховы Польшчы. Але ўжо ўначы 30 лістапада памежнікі спынілі спробу 23 мігрантаў парушыць мяжу. Адной з прычын называюць моцныя снегапады. Таксама сярод прычын можа быць крызіс на мяжы РФ і Фінляндыі, куды, як паведамляюць СМІ, прыехалі многія мігранты з мяжы Беларусь-ЕЗ», – канстатуе нямецкае выданне.
У чацвер, у нафтавым эміраце Дубаі пачала працу 28-я Канферэнцыя ААН па змяненні клімату, у якой прымаюць удзел больш за 190 дзяржаў планеты. На парадку дня – рашэнне аб пакеце мер, якія прадугледжваюць патроенне аб’ёму энергіі, што атрымліваецца з аднаўляльных крыніц. Акрамя таго, 20 краін-удзельніц выступаюць з заклікам адмовіцца ад усіх відаў выкапнёвага паліва. Пакуль адны аглядальнікі не вераць у тое, што Дубай здольны выступіць у ролі годнага наладжвальніка саміту, іншыя бачаць шанцы на поспех мерапрыемства.
Пражскі штотыднёвік Respekt выказвае стрыманы аптымізм.
«Не тое каб сітуацыя зусім не можа змяніцца да лепшага. Калі ў 2010 годзе свет ішоў да глабальнага пацяплення на ўзроўні амаль у чатыры градусы, то зараз – збольшага дзякуючы Парыжскаму пагадненню, заключанаму ў 2015 годзе – гэты ўзровень складае 'усяго толькі’ каля 2,5 градуса. Прынамсі, пры ўмове, што дзяржавы, якія яго падпісалі, выканаюць усё, што абяцалі. Чакаецца, што з развіццём аднаўляльных крыніц энергіі штогадовы рост глабальных выкідаў парніковых газаў дасягне піка да канца дзесяцігоддзя, а потым пачне зніжацца. Але на гэтым добрыя навіны заканчваюцца. Хуткасць, з якой крывыя выкідаў павінны былі б ісці ўніз, каб не перавысіць усталяваную мяжу глабальнага пацяплення ў 1,5 градуса, знаходзіцца па-за зонай дасяжнасці», – піша чэшскае выданне.
Румынскае Антыкарупцыйнае ведамства (DNA) мае намер правесці расследаванне ў дачыненні да двух былых міністраў аховы здароўя Улада Войкулеску і Іааны Міхэйлэ, а таксама былога прэм’ера краіны Флорына Кыцу па падазрэнні ў злоўжыванні службовым становішчам. Агенцтва мяркуе, што падчас пандэміі каранавіруса ў 2021 годзе міністры закупілі значна больш доз вакцыны, чым было неабходна, тым самым нанеслі дзяржаве шматмільярдны ўрон. «Кола асоб, у дачыненні да якіх вядзецца расследаванне, неабходна пашырыць», – піша румынскі партал Spotmedia.
«Расследаванне антыкарупцыйнага ведамства важна, паколькі многія грамадзяне падчас пандэміі скардзіліся на сур’ёзныя недахопы ў арганізацыі медыцынскага абслугоўвання і недахоп матэрыялаў, на меры, якія прымаліся для абароны насельніцтва, на стратэгіі вакцынацыі і непразрыстасць метадаў крызіснага кіравання. Ёсць нямала пытанняў, якія засталіся без адказу, і такое расследаванне павінна праліць святло на заблытаныя і недэмакратычныя рашэнні, якія прымаліся падчас пандэміі, калі гаворка ішла аб жыцці і смерці. Расследаванне неабходна, але закрануць яно павінна ўсіх, хто валодаў паўнамоцтвамі і прымаў рашэнні», – піша румынскае выданне.
Прэм’ер Вялікабрытаніі Рышы Сунак нечакана адмяніў запланаваную сустрэчу са сваім грэчаскім калегам пасля таго, як Кірыякас Міцотакіс у інтэрв’ю Бі-бі-сі запатрабаваў вяртання скульптур фрыза Парфенона, выстаўленых у Брытанскім музеі. Аглядальнікі абвінавачваюць абодва бакі ў развязванні дыпламатычнага скандалу. «Паводзіны Рышы Сунака дазваляюць усумніцца ў яго кампетэнтнасці ў якасці дзяржаўнага дзеяча», – піша лонданская газета The Independent.
«Напэўна прэм’ер-міністр падумаў, што калі ён увяжацца ў гэты зусім хлапечы канфлікт з партнёрам па НАТА, гэта будзе яму да твару. Такое не зразумець нікому, акрамя жыхароў Даўнінг-стрыт, 10. Чаму было не запрасіць Міцотакіса ў гэты самы дом па адрасе Даўнінг-стрыт, 10, і апасля заявіць, што, маўляў, дыскусія была канструктыўнай, толькі вось па пытанні скульптур мы так і не дамовіліся. І чаму не заняцца было сумеснай працай па рашэнні агульных праблем нелегальнай міграцыі?», – задаецца нязручным пытаннем брытанскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя