Да 100-годдзя паэмы Якуба Коласа “Новая зямля”
Да канца снежня ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа ў Менску будзе працаваць выстава “Паэма надзвычайнай прыгажосці”, прысвечаная 100-годдзю першага выдання паэмы Якуба Коласа “Новая зямля”.
Паэма Якуба Коласа «Новая зямля» – адзін з самых прыгожых і пазнавальных твораў беларускай літаратуры. «Новая зямля» – першы беларускі буйны эпічны твор, у якім яскрава апісаны сялянскі побыт, штодзённыя клопаты, пакуты, імкненні і мары беларускага селяніна.
На часовай экспазіцыі прадстаўлены рукапісы паэмы 1950 гадоў і праўкі да яе перакладу на рускую мову. Асобным раздзелам паказаны матэрыялы, звязаныя з увасабленнем паэмы Якуба Коласа «Новая зямля» на тэатральнай сцэне і ў відэаспектаклях.
У розны час паэму ілюстравалі такія мастакі, як Анатоль Волкаў, Эдуард Агуновіч, Георгій Паплаўскі, Рыгор Фралоў, Айша Александровіч, Васіль Шаранговіч, Арлен Кашкурэвіч. Вокладкі выданняў паэмы афармлялі мастакі Павел Гуткоўскі, Алексантэры Ахола-Вало і іншыя. На часовай экспазіцыі прадстаўлена серыя графічных работ Анатоля Волкава да паэмы Якуба Коласа «Новая зямля».
Паэма «Новая зямля» не страціла сваёй актуальнасці і прыцягальнасці і сёння, бо з’яўляецца вышэйшым дасягненнем беларускага паэтычнага эпасу.
Беларускае Радыё Рацыя