Беларусь усё больш “завязваецца” на расейскую эканоміку



З пачатку года Беларусь наведалі 87 дэлегацый з рэгіёнаў РФ, у Расею здзейснілі паездкі 232 дэлегацыі з Беларусі. Такія дадзеныя прывёў прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка, выступаючы на пасяджэнні Саўміна Саюзнай дзяржавы ў Маскве. Галоўчанка падкрэсліў, што ён асабіста наведаў сёлета 11 рэгіёнаў Расейскай Федэрацыі, некаторыя — двойчы.

Пры такой працы, як цяпер, заявіў прэм’ер, аб’ём узаемнага гандлю Расеі і Беларусі будзе і далей абнаўляць гістарычныя максімумы, а па выніках 2023 года ён перасягне паказчыкі папярэдняга, але “на гэтым нельга спыняцца”. Адным з найбольш значных праектаў, рэалізаваных у 2023 годзе, прэм’ер-міністр назваў увод у эксплуатацыю другога энергаблока БелАЭС і “ўсёй станцыі ў цэлым”.

За 9 месяцаў гэтага года тавараабарот паміж Беларуссю і Расеяй павялічыўся на 11% і склаў 35,5 млрд даляраў. Чакаецца, што па выніках года ён можа скласці нават 55 мільярдаў супраць 46 мільярдаў у мінулым годзе.

Беларусы з пачатку года набралі крэдытаў на 10,7 млрд рублёў

Жыхары Беларусі за дзесяць месяцаў набралі крэдытаў на 10 мільярдаў 700 тысяч рублёў, вынікае са звестак Нацыянальнага банка. За год аб’ём крэдытавання вырас у паўтара раза, або на 3,64 млрд рублёў.

Пры гэтым калі аб’ём спажывецкіх крэдытаў скараціўся на 49 працэнтаў, то аб’ём крэдытавання нерухомасці павялічыўся на 63,1 працэнта.

Беларусь пачне пастаўляць піламатэрыялы ў Паўднёвую Карэю

На Беларускай універсальнай таварнай біржы заключана першая ўгода па экспарце піламатэрыялаў у Паўднёвую Карэю, паведамляе БелТА.

Адзначацца, што падчас таргоў 30 лістапада карэйская кампанія-імпарцёр вырашыла закупіць піламатэрыялы ў адной з беларускіх лясных гаспадарак. Першая партыя матэрыялу выйшла аб’ёмам 400 кубаметраў. Цяпер экспарт беларускіх піламатэрыялаў, дзякуючы Паўднёвай Карэі, пашырыўся да 17 краін свету.

Вялікія змены на паліўным рынку Польшчы: інфармацыя для кіроўцаў

З 1 студзеня 2024 года на аўтазаправачных станцыях Польшчы паступова ўводзіцца новае паліва — аўтамабільны бензін 95-актанавы, які ўтрымлівае да 10 працэнтаў біякампанентаў, так званы Е10. Ён заменіць адпаведна бензін Е5, які мае напалову меншае ўтрыманне біякампанентаў.

Прычына такога рашэння: паліва Е10 больш экалагічнае, ад яго ўтвараецца менш выхлапных газаў, аднак пры гэтым рухавікі ў больш старых машынах могуць не працаваць правільна на гэтым паліве. На старонцы Міністэрства клімату і асяроддзя Польшчы ёсць адпаведная інфармацыя, а таксама спасылка на адпаведную інтэрнэт-сістэму, праз якую можна праверыць сваю машыну на адпаведнасць новаму віду паліва. Акрамя таго, у дакументах на транспартны сродак або на вечку паліўнага бака можа прысутнічаць характэрная маркіроўка E10 – гэта пацверджанне таго, што аўтамабіль адаптаваны да новага паліва. Калі не адаптаваны, то трэба будзе запраўляцца бензінам 98-актанавым.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота з адкрытых крыніц.