Хакеісты менскага „Дынама” прайгралі чацвёрты матч запар
Хакеісты менскага „Дынама” пацярпелі паразу ў гасцявым матчы рэгулярнага чэмпіянату Кантынентальнай хакейнай лігі.
З Масквы падначаленыя Дзмітрыя Квартальнага адправіліся наўпрост на Далёкі Усход – у Хабараўску беларускую каманду прымаў мясцовы „Амур”, які ідзе на дзявятым месцы Усходняй канферэнцыі. Знаходжанне ў логаве „тыграў” не прынесла „зубрам” жаданых двух ачкоў, першую ў матчы шайбу госці закінулі толькі ў сярэдзіне трэцяга перыяду – вызначыўся Раман Гарбуноў. Да таго моманту „Амур” ужо меў перавагу ў два галы. За восем хвілін, што засталіся да сірэны, менчукі пераламіць сітуацыю не змаглі, у выніку 1:2, „Дынама” зноў саступае.
Гэтая параза стала для „зуброў” чацвёртай запар і восьмай у апошніх дзевяці матчах. Тым не менш, сталічны клуб пакуль застаецца ў зоне плэй-оф Заходняй канферэнцыі, замыкаючы васьмёрку лепшых каманд з 34 баламі пасля 36 гульняў сезона. Далёкаўсходняе турнэ дынамаўцаў працягнецца ў нядзелю 3 снежня ва Уладзівастоку, дзе супернічаць з менчукамі будуць хакеісты „Адмірала”.
Беларускія футбалісткі згуляюць з чэшкамі ў жаночай Лізе нацый УЕФА
Футбалісткі жаночай зборнай Беларусі правядуць перадапошні паядынак у Лізе нацый УЕФА.
У намінальна хатнім матчы 5-га тура групы 4 (лігі В) каманда Юрыя Малеева згуляе ў венгерскім Дзьеры са зборнай Чэхіі (пачатак сустрэчы ў 22.00 па беларускім часе). Матч будзе судзіць сербская брыгада арбітраў, якую ўзначаліць Алена Меджадавіч. У першым крузе беларускі саступілі чэшскім футбалісткам на іх полі з лікам 1:2. З такім жа лікам наша каманда прайграла баснійкам. Акрамя таго, зборная Беларусі двойчы згуляла ўнічыю са славенкамі – 1:1 і 0:0.
«Арыс» выплаціў Яблонскаму амаль 200 тысяч долараў за неадыграны па кантракце год
Кіпрскі «Арыс» выплаціў беларускаму паўабаронцу Яўгенiю Яблонскаму амаль 200 тысяч даляраў за неадыграны паводле кантракту год.
Футбаліст выступаў за «Арыс» як гулец ратацыі з 2022 па 2023 гады, з заробкам 15 тысяч даляраў у месяц. У траўні Яблонскі разам з «Арысам» стаў чэмпіёнам Кіпра, а ў сярэдзіне ліпеня 28-гадовы падпісант прарэжымнага ліста пакінуў каманду – кантракт быў скасаваны за год да яго заканчэння. Цяпер Яблонскі шукае новы футбольны клуб, за які будзе выступаць.
Гандбаліст менскага СКА Бяляўскі прызнаны найлепшым гульцом 6-га тура СЕХА-лігі
Разыгрываючы менскага СКА Ігар Бяляўскі стаў найлепшым гульцом шостага тура групавога этапа гандбольнай СЕХА-лігі.
СКА на мінулым тыдні перайграла «Бусел Кітая» 34:26. Бяляўскі стаў самым выніковым гульцом гэтага матча, а таксама ўсяго гульнявога ўік-энду. Беларус закінуў 14 мячоў, затраціўшы на гэта 16 спробаў.
Французскія Альпы і Солт-Лэйк-Сіці – прыярытэтныя варыянты для правядзення Алімпіяд 2030 і 2034
Міжнародны алімпійскі камітэт вызначыў прыярытэтных кандыдатаў на правядзенне зімовых Алімпійскіх гульняў у 2030 і 2034 гады. У 2030 годзе, хутчэй за ўсё, Гульні пройдуць у Французскіх Альпах і Ніцы, якая прымае толькі віды спорту, якія праходзяць у закрытых памяшканнях. На думку МАК, вопыт правядзення Францыяй зімовых спаборніцтваў па зімовых дысцыплінах – перавага сярод іншых кандыдатаў. Алімпіяда-2034 адбудзецца ў Солт-Лэйк-Сіці, ЗША. Гульні ўжо праходзілі тут у 2002 годзе, што з’яўляецца найважнейшым фактарам пры выбары месца правядзення. Адзначаецца, што заяўка Швейцарыі прыярытэтная на 2038 год.
Беларускае Радыё Рацыя