Агляд прэсы: Няважныя віды



Кіраўнікі Літвы, Латвіі і Польшчы адмовіліся фатаграфавацца з Лукашэнкам у Дубаі. Расея аб’яўляе злачынствам „падтрымку ЛГБТ”. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

„Прэзідэнты Гітанас Наўседа, Эдгарс Рынкевічс і Анджэй Дуда байкатавалі агульную фатаграфію на сустрэчы ААН па змене клімату, таму што для яе пазіраваў Аляксандр Лукашэнка», – піша літоўскае выданне lrt.lt.

«Было б крывадушна стаяць плячом да пляча з кіраўніком дзяржавы, якое стала плацдармам агрэсіі Расеі супраць Украіны. Беларускі рэжым спрыяе разбурэнню будучыні свету і разам з Расеяй нясе адказнасць за тое, што адбываецца ва Украіне. На афіцыйных мерапрыемствах такія здымкі называюцца «сямейным фота» (family photo). «Лукашэнка не належыць да той сям’і, да якой мы хочам належаць», – такімі былі словы прэзідэнта Літвы. У Telegram-канале прэс-службы Лукашэнкі, гэтае фота выклалі, удакладніўшы, што той стаіць у першым шэрагу», – піша літоўскае выданне.

Да пачатку 28-й Канферэнцыі ААН па змене клімату, якая ў чацвер стартавала ў Дубаі, Германія і Аб’яднаныя Арабскія Эміраты пагадзіліся вылучыць амаль 200 мільёнаў еўра ў фонд катастроф – для кампенсацыі ўрону, які атрымліваецца ў выніку кліматычных змяненняў. Іншыя дзяржавы, як, напрыклад, ЗША і Вялікабрытанія, далучыліся да дадзенай ініцыятывы. Аднак аглядальнікі па-ранейшаму бачаць занадта шмат мінусаў, і заклікаюць да прыняцця больш эфектыўных рашэнняў. «Дасягненні, якія ў Дубаі ўяўляюць як вялікі поспех, адцягваюць увагу ад самай важнай тэмы», – піша лонданская газета Financial Times.

«Урад Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў будзе выхваляцца сваімі інвестыцыямі ў аднаўляльную энергетыку. Ініцыятывы ААН па абмежаванні ўцечак метану, скарачэнні спажывання вугалю і выдзяленні (некалькі) вялікай колькасці сродкаў на зялёную энергетыку ў бедных краінах таксама будуць асветлены гучна і з помпай. Але сярод усяго гэтага шуму пануе ці ледзь не труннае маўчанне па адным пытанні: аб субсідыях, якія ўрады ў цяперашні час выдзяляюць на здабычу выкапнёвых відаў паліва, прапануючы спажыўцам і прадпрыемствам бензін або вугаль па штучна паніжаных цэнах», – адзначае брытанскае выданне.

Расейскія судовыя органы прызналі экстрэмісцкім і забаранілі вельмі туманна пазначаны «міжнародны грамадскі рух ЛГБТ». Суддзі Вярхоўнага суда адобрылі заяву Міністэрства юстыцыі на закрытым пасяджэнні. Такім чынам, з 10 студзеня людзі могуць быць абвінавачаныя ў падтрымцы ЛГБТ-руху і прыгавораны да турэмнага зняволення. Турынская La Stampa асцерагаецца пачатку «палявання на ведзьмаў».

«Нават такія краіны, як Іран або Уганда, у якіх 'выяўленая гомасэксуальнасць’ караецца пажыццёвым зняволеннем або смяротным пакараннем, не дадумаліся да ідэі, якая прыйшла ў галаву Крамлю: стварыць магчымасць зрабіць з кожнага, хто не з’яўляецца відавочным гамафобам, злачынца. Рашэнне прылічыць рух ЛГБТ да «экстрэмісцкіх», тычыцца не толькі гомасэксуалаў. Актывісты, журналісты, якія спачуваюць, адвакаты – усе, хто носіць значок з вясёлкай або прама выступае ў абарону не-гетэрасэксуальных людзей, можа быць асуджаны. У Маскве ўжо курсуюць чуткі пра спісы гомасэксуалаў і актывістаў сярод знакамітасцяў, на якіх будуць выдадзены ордэры на арышт», – наракае італьянскае выданне.

29 лістапада ўзросце 100 гадоў памёр Генры Кісінджэр. У 1938 годзе ён уцёк у ЗША ад нацыстаў. З 1969 па 1977 гады займаў пасаду Дзяржаўнага сакратара ЗША і Дарадцы прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы ў Ніксана і Форда. У 1973 годзе атрымаў Нобелеўскую прэмію міру за сваю ролю ў заканчэнні В’етнамскай вайны. Яго палітыка разрадкі падчас халоднай вайны таксама атрымала высокую адзнаку. З іншага боку, ён, у прыватнасці, падтрымліваў вайсковы путч у Чылі. Рыжская газета Neatkarīgā задаецца пытаннем пра тое, хто зараз будзе вызначаць светапарадак.

«Кісінджэр быў адным з самых уплывовых палітыкаў, мысляроў, стратэгаў і тактыкаў у паваротныя моманты сусветнай гісторыі. Яго найвялікшая роля складалася ў тым, што ён паклаў канец кубінскаму крызісу і прадухіліў глабальную ядзерную катастрофу. Цяпер, які раз, у свеце наступіў вельмі напружаны час. Ці магчымы ў наш час «хітры ліс», падобны да Кісінджэра? Ці з’явіцца новы Кісінджэр, калі да ўлады ў другі раз прыйдзе Дональд Трамп, які, прынамсі, на словах адмаўляецца падтрымліваць Украіну? Якой будзе будучыня Расеі – краіны-агрэсара – і чым скончыцца вайна? Нам вядома толькі тое, што Генры Кісінджэр, адзін са слупоў ранейшага сусветнага парадку, пакінуў гэты свет», – піша латвійскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя