„Ягелонія” здабыла гасцявую перамогу
У першым матчы 17-га тура польскай экстракласы PKO было забіта тры галы. У Гродзіску «Ягелонія» з Беластока перамагла «Варту Познань» з лікам 2:1. Пачаўся матч для гасцей бліскуча. На 43-й секундзе Крыстафер з блізкай адлегласці забіў першы гол „Ягелоніі”. „Варта” зраўняла лік на 32-й хвіліне, калі памылкай брамніка Златана Аламеравіча пасля падачы кутавога скарыстаўся Мацей Жураўскі. На 66-й хвіліне беластачане вырвалі перамогу намаганнямі Хасэ Наранха. „Ягелонія” скараціла адрыў ад лідара «Шлёнска» да двух ачкоў.
Каб заняць трэцяе месца „Тарпеда”-БелАЗу патрэбная нічыя ў гасцявым паядынку з менскім „Дынама”
Перад заключным турам чэмпіянату Беларусі, матчы якога пройдуць сёння, нявырашаным застаецца пытанне аб лёсе бронзавых медалёў. Каб заняць трэцяе месца, «Тарпеда»-БелАЗу патрэбная нічыя ў гасцявым паядынку з менскім «Дынама», якое правядзе першы матч у рангу чэмпіёна краіны. Жодзінцы могуць апынуцца ў першай тройцы і ў выпадку паразы. Але гэта будзе магчыма толькі пры ўмове, што ні „Іслач”, ні БАТЭ не перамогуць. Мара „Іслачы” аб медалях выканаецца ў выпадку перамогі над „Менскам” і паразы „Тарпеда”-БелАЗа ад сталічнага „Дынама”. Каб апынуцца ў прызах, БАТЭ трэба выйграваць у гасцях у „Шахцёра” і спадзявацца на тое, што „Тарпеда”-БелАЗ прайграе, а „Менск” адбярэ ачкі ў „Іслачы”. Пачатак усіх гульняў у 14.00.
Хакеісты „Віцебска”, „Металурга” і „Дынама-Маладзечна” перамаглі ў матчах экстралігі
Трыма матчамі ў Менску, Віцебску і Лідзе працягнуўся рэгулярны чэмпіянат беларускай хакейнай экстралігі. Лідар сезона „Віцебск” на хатняй доўгі час меў праблемы ў матчы супраць „Брэста”. Пасля сарака хвілін гульні „мядзведзі” саступалі з лікам 1:3, аднак у трэцім гульнявым адрэзку здолелі карэнным чынам змяніць сітуацыю. Дубль Аляксея Герашчанкі дазволіў гаспадарам лёду зраўняць лічбы, а шайбы Ігара Карабанава і Яўгена Саламонава прынеслі валявую перамогу – 5:3. Такім чынам, „Віцебск” першым у сезоне дабраўся да адзнакі 50 ачкоў, „Брэст” прайграў трэці матч запар. Паралельна на „Чыжоўка-Арэне” хакеісты „Юнацтва” пацярпелі паразу ад „Дынама-Маладзечна”. Пасля двух перыядаў становішча менчан было яшчэ больш сумным, чым у „Віцебска”: чырвона-сінія „гарэлі” 1:4. У заключнай 20-хвілінцы гаспадары здолелі скараціць адставанне да мінімуму, але на большае не спадобіліся, а маладзечанцы за дзве хвіліны да сірэны правялі яшчэ адну шайбу для падстрахоўкі – дубль аформіў Ігар Равенка. Вынік сустрэчы паўтарыў вынік матча на поўначы краіны – 5:3. Адзіным клубам, які здабыў даволі будзённую вікторыю ў пятніцу, стаў жлобінскі „Металург”. Дзеючыя чэмпіёны Беларусі ў гасцях разабраліся з „Лідай” – 6:2, па два галы за „сталёвых ваўкоў” правялі Канстанцін Лукін і Міхаіл Стэфановіч. Дзякуючы гэтаму поспеху жлабінчане ўзняліся на сёмае месца ў экстралізе, абышоўшы „Брэст”. Цяпер адставанне „Металурга” ад зоны плэй-оф, якую замыкае „Хімік”, складае ўсяго чатыры балы.
Баскетбалісты „Менска” зноў прайгралі ў Адзінай лізе ВТБ
Баскетбалісты „МЕНСКА” няўдала пачалі другую палову рэгулярнага чэмпіянату Адзінай лігі ВТБ. У матчы 14-га тура падначаленыя Расціслава Вергуна гулялі на выездзе з клубам „Пары Ніжні Ноўгарад” і саступілі з лікам 79:90. Самым выніковым у складзе мінчан стаў Джарэд Агунгбемі-Джэксан, які набраў 26 ачкоў. У стартавым паядынку сёлетняга сезона мінчане прайгралі ніжагародцам на сваёй арэне 60:89. У актыве волжскай каманды стала 4 перамогі, менчане застаюцца адзінай камандай, якая не выйграла ніводнага матча сёлета. Наступны паядынак баскетбольны „Менск” правядзе 7 снежня на сваёй пляцоўцы супраць „Астаны”.
Францужанка Жанмона выйграла спрынт на першым этапе Кубка свету па біятлоне
У шведскім Эстэрсундзе працягваецца стартавы этап Кубка свету па біятлоне. У пятніцу ў Швецыі прайшла жаночая спрынтарская гонка, тройка наймацнейшых па выніках якой апынулася вельмі нечаканай. Перамагла на дыстанцыі 7,5 км прадстаўніца Францыі Лу Жанмона, якая дагэтуль не выйгравала асабістых гонак на этапах Кубка свету. Францужанка стала адной з нямногіх дзяўчат, якія здолелі ва ўмовах снегападу прайсці абодва агнявыя рубяжы без промахаў. Другое і трэцяе месцы занялі Каралін Кнотэн і Юні Арнэклейв з Нарвегіі, якія прайгралі Жанмона 9 і 18 секунд адпаведна.
Беларускае Радыё Рацыя