Атрымалі грошы з-за мяжы? Вось што трэба зрабіць



Падаткавікі папярэджваюць беларусаў, каб не забыліся да 1 красавіка 2024 года даць справаздачу аб даходах, якія атрымалі ў 2023-м, піша “Зеркало”.

Фота: belsat.eu

Падаткавікі сярод іншага расказалі, якія даходы падпадаюць пад дэклараванне. Сярод іншага, гэта сродкі, атрыманыя за мяжой: заробак, выйгрышы і так далей. Калі вы рэзідэнт Беларусь, то бок знаходзіцеся ў краіне больш за 183 дні ў каляндарным годзе, то загадзя варта падрыхтаваць дакументы, якія пацвярджаюць утрыманне падатку за мяжой. Таксама трэба задэклараваць падарункі ад фізічных асоб, калі іх агульны кошт перавышае ў год 9338 рублёў ад усіх крыніц. У некаторых выпадках таксама трэба задэклараваць даходы ад продажу нерухомасці. Гэта датычыцца тых, хто за 5 гадоў прадаў больш за адну кватэру, лецішча, садовы домік, гараж ці парковачнае месца. Што тычыцца легкавога транспарту, то дэклараваць даходы трэба ад продажу другога і наступных аўтамабіляў на працягу года.

У МУС анансавалі новыя затрыманні ў сферы перапрацоўкі мяса і малака

Сёлета выяўлена 3100 злачынстваў у сферы эканомікі, трэць з іх – у сельскай гаспадарцы. Пра гэта расказаў намеснік міністра ўнутраных спраў Беларусі Генадзь Казакевіч у эфіры тэлеканала АНТ. Ён удакладніў, што кожнае трэцяе злачынства мае прыкметы карупцыі.

Гісторыю з затрыманнем дырэктара Бярозаўскага мясакамбіната ён назваў “класічным фактам сістэмнай дзелавой карупцыі”. Але “гэта толькі адзін эпізод, былі яшчэ іншыя камбінаты ў іншых абласцях рэспублікі”. Камерсант, сфера дзейнасці якога ахоплівала ўсю краіну, таксама знаходзіцца ў СІЗА і дае паказанні. Казакевіч дадаў, што “дойдзем да кожнага, каго закранула гэтая карупцыйная схема”. Акрамя таго, прадстаўнік МУС анансаваў, што ў сферы перапрацоўкі мяса і малака “будуць яшчэ затрыманні, будуць яшчэ распачаты крымінальныя справы”, піша Office Life.

Беларусь працягвае губляць работнікаў

За дзесяць месяцаў у Беларусі звольнілі на 58 тысяч чалавек больш, чым прынялі на працу. Адмоўны баланс склаўся ў сельскай, лясной і рыбнай гаспадарках, у апрацоўчай прамысловасці, будаўніцтве, гандлі, транспарце і лагістыцы, інфармацыі і сувязі. А больш ўзялі на працу, чым звольнілі, у сферы адукацыі і аховы здароўя, а таксама ў энергетыцы і ў творчасці, спорце, забаўках і адпачынку.

У цэлым за дзесяць месяцаў было звольнена 601,8 тысяч чалавек, што на 58 тысяч больш за колькасць працаўладкаваных. Па выніках дзесяці месяцаў адмоўны баланс назіраўся практычна ва ўсіх галінах. (reform.by)

У Маладзечне прыпынілася праца дзвюх з трох службаў таксі

У самы пік непагадзі ў Маладзечне засталася працаваць толькі адна служба таксі з трох, якія існавалі ў горадзе. Наконт працы дзвюх службаў таксі міліцыя вядзе праверку, піша Kraj.by. Вядома, што ў канцы мінулага тыдня ў офісы гэтых службаў прыйшлі сілавікі і падатковая інспекцыя. Згодна з папярэдняй інфармацыяй, 200 машын не выехалі ў горад.

Нагадаем, што 14 лістапада Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў узмацніць кантроль у галіне пасажырскіх зносін і загадаў выпрацаваць “адзіныя правілы гульні”. Ужо 20 лістапада ў эфіры “Беларусь 1” выйшаў сюжэт аб крымінальнай справе за ўхіленне ад выплаты падаткаў у дачыненні да буйнога інтэрнэт-агрэгатару ў сферы пасажырскіх перавозак “Аtlasbus”. Сцвярджаецца, што фігуранты справы, больш за 20 абвінавачаных і падазраваных, вялі свае справы пры дапамозе “шантажу, пагроз, сабатажу”.

Беларускае Радыё Рацыя