Зубовіч прызнаны лепшым гульцом 30-га тура чэмпіянату Беларусі
Асацыяцыя „Беларуская федэрацыя футбола” падвяла вынікі заключнага тура 33-га чэмпіянату Беларусі сярод каманд вышэйшай лігі. Лепшым гульцом 30-га тура нацыянальнага першынства прызнаны нападнік срэбранага прызёра – гарадзенскага „Нёмана” Ягор Зубовіч. У апошнім паядынку сезона ў Гародні ён тройчы забіў наваполацкаму „Нафтану” і пасадзейнічаў буйной вікторыі сваёй каманды – 6:1. Аформіўшы хет-трык, 34-гадовы форвард давёў свой бамбардзірскі лік да 14 мячоў і саступіў толькі лепшаму снайперу чэмпіяната – менскаму дынамаўцу Уладзіславу Марозаву, у актыве якога 16 забітых мячоў. Аўтарам самага прыгожага гола мінулага футбольнага ўік-энду названы Валон Ахмедзі. У пераможнай хатняй гульні з барысаўскім БАТЭ 29-гадовы албанскі паўабаронца салігорскага „Шахцёра” класным далёкім ударам са штрафнога паставіў эфектную кропку ў гэтай гульні – 3:0.
Футбалісткі зборнай Беларусі завершаць сезон сустрэчай з камандай Босніі і Герцагавіны
Футбалісткі зборнай Беларусі правядуць заключны матч першага сезона жаночай Лігі нацый УЕФА. У паядынку 6-га тура групы 4 (лігі В) падначаленыя Юрыя Малеева згуляюць у Зеніцы з камандай Босніі і Герцагавіны. Галоўным арбітрам гэтай сустрэчы будзе Дэбра Анэкс са Швейцарыі. Калі для беларусак вынік гульні не мае прынцыповага турнірнага значэння (яны ў любым выпадку пакінуць другі дывізіён), то гаспадыням ёсць за што змагацца. Баснійкі маюць шанец падняцца ў элітны дывізіён – лігу А. Для гэтага ім неабходна перамагчы і чакаць паразы зборнай Чэхіі ў Пардубіцы ад славенак. У першым крузе баснійкі абыгралі беларусак з лікам 2:1. Вынікі астатніх гульняў нашай каманды: Беларусь – Чэхія – 1:2 і 0:1, Беларусь – Славенія – 1:1 і 0:0. З трох іншых квартэтаў лігі 2 павышэнне ў класе ўжо заваявалі зборныя Польшчы, Фінляндыі і Ірландыі.
„Вашынгтон” з Протасам трапілі пад раздачу ў пустыні
У матчы рэгулярнага чэмпіянату НХЛ „Арызона” разграміла „Вашынгтон”. Усё было вырашана ўжо ў першым перыядзе, па ходу якога госці прапусцілі пяць шайбаў. А ў пачатку другой дваццаціхвілінкі беларускі нападнік «Вашынгтона» Аляксей Протас пры спробе заблакаваць магутны стрэл Джошуа Браўна атрымаў траўму і пайшоў у распранальню. Пасля ён вярнуўся, аднак штосьці змяніць ужо было немагчыма – параза 0:6. Статыстыка Протаса – 12 хвілін гульнявога часу, 1 кідок, -2 карыснасці, 1 блок, 1 перахоп, 0 выйграных укідванняў з чатырох. Пераможная серыя „Арызоны” дасягнула пяці матчаў, і па ходу гэтага маршу перад „каётамі” адзін за адным упалі апошнія пяць уладальнікаў Кубка Стэнлі!
Менскае „Дынама” завершыць выязную серыю ў КХЛ матчам з „Сібірру”
Хакеісты менскага „Дынама” сёння завершаць чарговую выязную серыю ў рэгулярным чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі. Пасля турнэ па Далёкім Усходзе падначаленыя Дзмітрыя Квартальнага адправіліся ў Навасібірск, дзе прымаць „зуброў” будзе мясцовая „Сібір”. Бягучая выязная серыя пакуль складваецца для мінчан не надта ўдала: набраны два ачкі з шасці магчымых. З дзесяці апошніх матчаў „Дынама” прайграла восем. Аднак дзякуючы запасу ачкоў і асечкам канкурэнтаў „зубры” застаюцца ў зоне плей-оф Заходняй канферэнцыі, зараз наша каманда займае восьмае месца. „Сібір”, за якую выступае беларускі нападнік Максім Сушко, апошнім часам прыстойна ліхаманіць. У перыяд з 16 па 20 лістапада „снегавікі” пацярпелі тры няўдачы, з 22 па 27 лістапада, наадварот, выйгралі тройчы запар, а на мінулым тыдні зноў тры разы запар сыходзілі з лёду пераможанымі. На гэты момант „Сібір”, як і мінскае „Дынама”, замыкае васьмёрку найлепшых каманд сваёй канферэнцыі.
Беларускае Радыё Рацыя