Радзіму Гарэцкаму – 95
7 снежня выбітнаму беларускаму навукоўцу, акадэміку і члену-карэспандэнту Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі, доктару геолага-мінералагічных навук, заслужанаму дзеячу навукі Радзіму Гарэцкаму спаўняецца 95 гадоў з дня нараджэння.
Навуковыя працы Радзіма Гарэцкага прысвечаны тэктоніцы і геадынаміцы платформ, уключаючы тэрыторыю Захаду Усходне-Еўрапейскага кратона і Беларусі. Ён вывучае пытанні стратыграфіі, літалогіі, палеаграфіі, геафізікі, геалогіі нафтавых, газавых і іншых радовішчаў карысных выкапняў. Найбольш поўна апісаў і даў класіфікацыю своеасаблівых геалагічных цел – класічных даек. Унёс істотны ўклад у тэктанічны аналіз магутнасцей адкладаў. Развіў вучэнне аб тэктоніцы платформ: праблемы наследавання і накладання структур, фармацыі, тыпы і класіфікацыі структур, разломы, стадыйнасць развіцця, некампенсаванае прагінанне, глыбінная будова (паверхні Моха, магутнасці літасферы, астэнасферы, шчыльнасці зямной кары). Разгледзеў асаблівасці будовы і развіцця кантынентальных палеарыфтаў, у прыватнасці на прыкладзе Прыпяцкага прагіну даказаў лістрычны характар разломаў, якія яго фарміруюць. Удзельнічаў у складанні многіх тэктанічных карт у якасці галоўнага рэдактара (Тэктанічная карта Беларусі, 1976, 2002; Міжнародная тэктанічная карта Паўднёва-Заходняга краю Усходне-Еўрапейскай платформы, 1986) або суаўтара (Тэктанічная карта Еўразіі, Міжнародная тэктанічная карта Еўропы, Геадынамічная карта Беларусі). Распрацаваў новы прынцып тэктанічнага раяніравання платформенных зон па асноўным этапе фарміравання структур.
Радзім Гарэцкім з’яўляецца аўтарам 515 навуковых прац і больш за 300 навукова-папулярных выданняў, у тым ліку 46 манаграфій, 41 карты геалагічнага зместу, 5 вынаходстваў.
Радзім Гарэцкі — актыўны дзеяч беларускага нацыянальнага руху, а з 1993 года – старшыня Згуртавання беларусаў свету „Бацькаўшчына”, сябра Рады ТБМ імя Францішка Скарыны, сябра Рады Беларускага Фонду Культуры і іншых. Радзім Гарэцкі — сын выбітнага беларускага навукоўца і грамадскага дзеяча Гаўрылы Гарэцкага і пляменнік класіка беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага. Радзім Гарэцкі — сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў, аўтар дзясяткаў кніг. Ён з’яўляецца лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі СССР і Беларусі, іншых шматлікіх прэмій.
Шчыра віншуем Радзіма Гаўрылавіча з юбілеем. Жадаем яму здароўя, сямейнага дабрабыту, спакою і дабра!
Беларускае Радыё Рацыя